Усе навіны

«Барселона» паставіла рэкорд ЧС па колькасці гульцоў з аднаго клуба – 17

18 лістапада 2022, 18:50

Іспанская «Барселона» ўстанавіла рэкорд па колькасці гульцоў якія згуляюць на ЧС-2022.

Пасля таго, як 19-гадовы абаронца «Барсы» Алекс Бальдэ замяніў Хасэ Гайя ў складзе іспанскай каманды, прадстаўніцтва сіне-гранатавых на турніры павялічылася да 17 гульцоў у 8 зборных. Ніколі раней на чэмпіянатах свету не ўдзельнічала столькі ігракоў з аднаго клуба.

У раней апублікаваным спісе на першым месцы была «Баварыя» з той жа колькасцю гульцоў, прадстаўленых на турніры ў Катары. Але пасля таго, як стала вядома, што Садзьё Мане прапусціць турнір з-за траўмы, колькасць гульцоў мюнхенскага клуба на ЧС-2022 скарацілася да 16, што з'яўляецца паўтарэннем мінулага рэкорду чэмпіянатаў свету, устаноўленага мюнхенцамі на ЧС-2014.

16 гульцоў таксама будуць прадстаўляць «Манчэстэр Сіці», 14 – «Манчэстэр Юнайтэд» і 13 – мадрыдскі «Рэал». Яшчэ дзевяць клубаў адправілі ў зборныя па 10 і болей футбалістаў.

Чэмпіянат свету ў Катары пройдзе з 20 лістапада па 18 снежня 2022 года. Матч адкрыцця адбудзецца ўжо ў бліжэйшую нядзелю, 20 лістапада, Катар згуляе з Эквадорам.