Скрыпчанка пра зборную Беларусі: «Ёсць цікавыя хлопцы, галоўнае, каб у іх была вера, што яны здольныя дабівацца поспеху ў адборачных цыклах ЧЕ і ЧС. Гэта залежыць ад галоўнага трэнера»
Галоўны трэнер мінскага «Дынама» Вадзім Скрыпчанка пажадаў поспехаў зборнай Беларусі ў адборы да Еўра-2024, а таксама падзяліўся меркаваннем аб тым, ці зможа нацыянальная каманда выйсці ў асноўны турнір. Нагадаем, што ў кваліфікацыйнай групе да Еўра беларусы сустрэнуцца са зборнымі Швейцарыі, Ізраіля, Румыніі, Косава і Андоры.
Адзначым, што да прыходу ў менскае «Дынама» Скрыпчанка быў адным з асноўных кандыдатаў на пасаду галоўнага трэнера беларускай зборнай.
– Нацыянальная зборная – гэта таксама вельмі вялікі выклік, адказнасць, але ўжо быў Выканкам АБФФ, дзе было прынята рашэнне, што Георгій Кандрацьеў працягне працу, таму хачу пажадаць яму поспехаў у адборачным цыкле да Еўра. Ужо не за гарамі першы матч – 25 сакавіка са швейцарскай зборнай. Таму хачу пажадаць зборнай і хлопцам усім, хто прадстаўляе інтарэсы зборнай, і ўсяму трэнерскаму штабу поспехаў.
– Вы б хацелі ў будучыні, напрыклад, паспрабаваць [трэніраваць зборную]?
– У будучыні, вядома, усё магчыма. Я думаю, што яшчэ ня час. Цяпер я прыняў выклік мінскага «Дынама», таму ў будучыні, вядома, усё магчыма.
Толькі вера ў хлопцаў, толькі даваць ім магчымасць праяўляць свае лепшыя якасці – вельмі моцна гэта залежыць ад працы трэнерскага штаба, ад галоўнага трэнера. У гэтых адносінах у нас ёсць цікавыя хлопцы, галоўнае, каб у іх была вера ў тое, што яны здольныя дабівацца поспеху і на ўзроўні адборачных цыклаў чэмпіянату Еўропы, чэмпіянату свету.
Даўно ўжо мы не былі такія блізкія, як гэта было ў 2002 годзе, калі Эдуард Малафееў узначальваў нацыянальную зборную, каб выйсці ў фінальную частку чэмпіянату свету. Таму хацелася б, каб наша зборная была ў барацьбе і неўзабаве здзейсніла сваю мару і патрапіла на топ-турнір.
– Мы знаходзімся цяпер на тым месцы, дзе заслугоўваем у сусветным і еўрапейскім футболе (Беларусь займае 97-е месца ў рэйтынгу ФІФА і 54 месца ў рэйтынгу УЕФА)? Ці нам рэальна, як кажуць, увесь час не шанцуе?
– У спорце няма такога паняцця як «нешанцаванне». Заўсёды можна зрабіць нешта лепшае, шукаць шляхі паляпшэння сваёй працы. Гэта датычыцца і трэнерскай працы, і адносінаў футбалістаў да сваёй справы. Натуральна, развіццё інфраструктуры, мэнэджменту клубаў, каб станавіцца па ўсіх кірунках лепш. Толькі так мы зможам ссунуцца, мусіць, з не зусім прыемнай кропкі, дзе мы сёння знаходзімся. На жаль, мала поспехаў у нас на ўзроўні нацыянальнай зборнай, але мы спадзяемся і ўпэўнены, што пры агульным развіцці, пры агульнай дапамозе адзін аднаму мы здольны зрабіць гэты крок наперад, – сказаў Скрыпчанка.
⚽️ Чэмпіянат свету-2022 па-беларуску і без VPN! Пампуй дадатак Tribuna.com