Анціч пра еўракубкі: «У сезоне 2021/22 у нас быў наймацнейшы склад, але мы прайгралі люксембургскай «Фоле» – гэта быў вялікі правал, аплявуха для ўсіх нас»
Экс-гулец «Шахцёра» Нікола Анціч падзяліўся сваім меркаваннем аб тым, што трэба зрабіць салігарчанам, каб годна выступаць у еўракубках, а таксама распавёў, якая параза на еўрапейскай арэне стала самай балючай.
– Ты сказаў, што галоўнае расчараванне – гэта тое, што за 4 гады ў «Шахцёра» не атрымалася ў еўракубках, пакуль ты быў у камандзе. Думаю, што гэта і для цябе расчараванне, і для клуба, і для балельшчыкаў. Ты можаш неяк проста расказаць пра гэтыя эмоцыі? Чаму ўсё так атрымліваецца год за годам?
– Трэба трымаць трэнера. Трэнера галоўнага, вядома, які са спартовым дырэктарам і прэзідэнтам складаюць каманду. Калі трымаеце трэнера добрага, якаснага і дасведчанага, тады, мне здаецца, будзе моцны склад. Той, які будзе гуляць тую схему, якую жадае бачыць трэнер.
У цябе мусіць быць добры баланс у камандзе. Гэта значыць добрыя выканаўцы, якія індывідуальна могуць нешта зрабіць, абвесці, асіст зрабіць, па варотах ударыць. У цябе павінны быць гульцы, якія будуць уцякаць. У цябе мусіць быць падбор гульцоў, якія могуць адабраць мяч, добры цэнтральны абаронца, які добра абараняецца. Футбаліста, які можа ўвайсці ў гульню, нешта зрабіць з мячом. У сярэдзіне поля ў цябе павінны быць гульцы, якія могуць аддаць доўгія перадачы ці мяняць бок, а таксама адабраць мяч. Павінен быць баланс у камандзе.
Таксама ў цябе павінны быць гульцы, якія жадаюць сядзець на лаўцы. Ёсць гульцы, якія ўвогуле не хочуць сядзець на лаўцы і праз дзень збіраюць валізкі. А ёсць тыя, хто сядзяць, з'яўляюцца 12-м, 13-м і гэтак далей гульцом, і з гэтым згодны.
Гэта вельмі цяжкая і працяглая праца, так што я б пакідаў трэнера на больш працяглы тэрмін. Як і спартовага дырэктара і прэзідэнта.
Другое: у вас ёсць гульцы, значыць, трэнер павінен абраць асноўных 15-16 гульцоў, і яны заўсёды павінны быць у камандзе. Або 8-9 гульцоў – залежыць ад вашага погляду на гэта. Гэтыя гульцы не павінны шмат траўміравацца. Значыць, каб не было цягліцавых пашкоджанняў, так, 1-2 могуць быць траўміраваны, але яны добрыя выканаўцы і ты можаш [гэта перажыць], а астатнія [гульцы] не.
Гэта значыць, павінны быць моцныя гульцы і трапіць у гэтую схему, якую трэнер хоча. Вядома, далей ідзе шмат і шмат пытанняў, але ўсё роўна асноўнае тое, што трэба пакідаць трэнера на больш працяглы тэрмін і гульцоў таксама.
І трэцяе – гэта фінансаванне калектыву, які гэта ўсё падтрымлівае: гульцы, трэнеры, спартыўныя дырэктары і іншы персанал быў задаволены. Тут трэба фінансаванне, быць стабільным і каб шмат чаго не мянялася.
Я думаю, што калі трэнер нейкі знайшоў схему і падбор гульцоў, то трэба трымаць гэты калектыў.
У нас [у Сербіі] вельмі добрыя баскетбольныя трэнеры і адзін з іх сказаў: «Вы не можаце ў першы год спадзявацца, што нешта будзе. Першы год вы будуеце каманду. У другі год вы паспрабуеце зрабіць нейкі вынік, але пару чалавек будзе мяняцца. І вось на трэці год будзе ўжо пік, калі нельга не паказаць добры вынік».
Так што без гэтых трох ці чатырох год нічога не атрымаецца.
У нас не выйшла. Ва ўсіх было жаданне. Вядома, калі б мы прайшлі ў еўракубках, то на клуб і на беларускую зямлю адразу б па-іншаму глядзелі: «Ага, гэта нармальная краіна, лепшая, спартовая». Усё роўна павінен быць вынік у ервакубках.
Так, на ўнутранай арэне мы ўсё заваявалі, я вельмі задаволены, але шкада, што мы не паказалі «Шахцёр» у еўракубках. У сезоне-2021 у нас быў наймацнейшы склад, у які ўклалі вялікія грошы, але ўсё роўна не атрымалася. І прайгралі клубу з Люксембурга [«Фола»], так што гэта быў вялікі правал для ўсіх нас. Гэта была аплявуха для ўсіх нас. Мы можам казаць, што вінаваты той ці іншы, але мы ўсе разам вінаватыя. І нам, і клубу доўгія гады будуць успамінаць гэтую няўдалую серыю. Але гэтага ніхто не хацеў. Можна было тады пакінуць і ўмацаваць яшчэ склад, але бачыце, якая палітыка сягоння.
Я казаў, што мне не падабаецца ўведзены ліміт заробкаў, наогул усе ліміты – з гэтым футбол не будзе расці ў краіне. Напрыклад, хіба «Зеніт» і «Урал» аддаюць аднолькавыя грошы [на гульцоў]? Тэма такая, і навошта тут нейкі ліміт ставіць?
Цяпер кажуць пра «Энергетык-БДУ», што яны атрымліваюць 200-300 долараў, яны студэнты і будуць тварыць. Окей, паглядзім у наступным годзе. Чаму там не застаюцца футбалісты, чаму яны з'яжджаюць, калі ўсё так добра ў гэтага клуба? Чаму Яхшыбоеў, Шкурын не засталіся там? Бо там няма грошай. Заўзятары гавораць, што яны там малайцы, але людзі прыйшлі ў гэты клуб, каб заявіць пра сябе і пайсці на павышэнне. У гэтым годзе яны зрабілі вынік, малайцы, але паглядзім у наступным годзе. Да 2028 года яны будуць чэмпіёнамі – паглядзім. Ім патрэбен стадыён, база – усё.
У «Шахцёра» вельмі вялікі рэсурс, каб яны раслі як клуб, але ліміт заробкаў мне не падабаецца. У тое ж менскае «Дынама» павінны прыязджаць легіянеры. А не паставіў ліміт – тады і ўзровень ўпадзе. Добра, вы ставіце стаўку на сваіх беларускіх футбалістаў, але паглядзім праз пару гадоў, як гэта будзе выглядаць, – сказаў Анціч.