Усе навіны

Гулец «Дынама»-1982 Мельнікаў: «Пасля ДзЮСШ працаваў на заводзе, гуляў за каманду таксістаў. А на Новы 1978 год званок – Малафееў: «Ты мог бы праз 40 хвілін быць?»

18 снежня 2022, 17:34

Гулец «Дынама»-1982 Валерый Мельнікаў распавёў, як Эдуард Малафееў запрасіў яго ў берасцейскае «Дынама».

«Малафееў з'ехаў у Вышэйшую школу трэнераў у Маскву, нас узяў пад сваю апеку Веніямін Арзамасцаў. Па заканчэнні школы ён сказаў: «Усе вольныя!» Куды дзявацца? Пайшоў на завод імя Леніна вучнем слесара – зборшчыка. Асноўны абавязак – паход у краму за патрэбным мужыкам наборам. Галоўнае – пранесці праз прахадную пакет са «Сталічнага». Пры гэтым старэйшыя таварышы не цікавіліся, як гэта зраблю. Я стараўся. Балазе фігура была спартыўная, не тоўсты, апранаў прасторную куртку. Паралельна гуляў за каманду таксістаў. Але прыйшла пара ісці ў армію. З ваенкамата раз – другі дадому прыходзілі – маці ім адказвала, што сын гуляе ў футбол, у спаборніцтвах удзельнічае. Паволі пачаў збіраць рэчы. Перад Новым годам уключаю тэлевізар. Тады тры каналы ўсяго было. У галоўных навінах паказваюць першы выпуск трэнераў ВШТ. Пасведчанне нумар адзін уручаюць Малафееву. Я бацькоў паклікаў да экрана: маўляў, глядзіце, майго настаўніка ўзнагароджваюць. А ён скончыў з чырвоным дыпломам!

Затым новы 1978 год сустрэлі. Сяджу, сумую. Званок. Мама зняла слухаўку і паклікала: «Сынок, там цябе нейкі дзядзька пытаецца». Пачуў голас Эдуарда Васільевіча. Я пачаў віншаваць: маўляў, бачыў учора вас па тэлевізары. Ён перабіў: «Слухай, ты мог бы праз сорак хвілін быць на вакзале? У Брэст паедзем, мяне туды прызначылі, хачу цябе паглядзець»» Я, зразумелая справа, адразу да маці (бацька на працы быў). Трохі паспрачаліся – яна баялася, што прыйдзецца вяртацца, а на заводзе за прагулы звольняць. У адказ толькі ўсміхнуўся: за 60 рублёў у месяц працу знайду абавязкова. Сабраўся, сеў на трамвай і апынуўся на пероне чыгуначнага вакзалу. Там Малафееў і яшчэ чалавек дзесяць з ім: Леанід Гарай, Коля Шыцік, Валодзя Дзік, Сярога Гоцманаў, Віця Сокал. З Гоцай, дарэчы, па юнаках заўсёды супернікамі былі. Ён выступаў за «Працоўныя рэзервы». А ў Брэсце апынуліся ў адным нумары ў інтэрнаце. Пасябравалі», – падзяліўся ўспамінамі Мельнікаў.