Усе навіны

Прэм'ер Эстоніі Калас пра фота гульцоў нацкаманды з трэнерам зборнай Расіі Карпіным: «Ён падтрымліваў Пуціна. Футбалісты – інструмент мяккай сілы Расіі»

18 студзеня 2023, 12:41

Прэмʼер-міністр Эстоніі Кая Калас раскрытыкавала гульцоў эстонскай футбольнай зборнай за сумеснае фота з галоўным трэнерам зборнай Расіі Валерыем Карпіным.

– Адной з самых абмяркоўваемых навінаў пачатку года стаў здымак былых і дзейных футбалістаў зборнай Эстоніі за адным сталом з галоўным трэнерам зборнай Расеі Валерыем Карпіным. Што вы пра гэта думаеце?

– Так, гэтая гісторыя вартая жалю. Сапраўды, Расія выкарыстоўвае спорт як мяккую сілу. І ўсе гэтыя размовы пра тое, што трэба падзяляць палітыку і спорт, не зусім правільныя. Мне здаецца, што папрокі, пачуцці, якія ўзніклі ў гэтым выпадку... Усе чакалі выразнага асуджэння вайны ва Украіне. Рэакцыя, якая адбылася пасля публікацыі гэтай фатаграфіі, была неахвотнай і не зусім шчырай.

Мне падалося, што гэтыя людзі, можа быць, не разумеюць, у чым праблема. Наша зборная па-сяброўску мае зносіны з галоўным трэнерам расійскай зборнай і робіць выгляд, як быццам у гэтым нічога такога няма – менавіта гэта і чапляе. Мне падалося, што футбалісты не зразумелі, што яны таксама зʼяўляюцца інструментам гэтай так званай мяккай сілы.

– Але яны ж кажуць, што на сустрэчы гаворка ішла толькі пра футбол, ні словы не сказалі ні пра вайну, ні пра палітыку. Няўжо нельга проста сустрэцца з сябрамі, каб не акрэсліваць свае пазіцыі па ўсіх вострых пытаннях?

– Усё ж гаворка ідзе пра галоўнага трэнера. Для мяне было, наадварот, дзіўна, што яны пра палітыку не казалі, што пра гэта не заходзіла размова, як быццам нічога такога наогул не адбываецца. Расія пачынае поўнамаштабную вайну ў Еўропе. Як можна абысці гэта, як можна зрабіць выгляд, што нічога не здарылася? І давайце будзем далей жыць так, як раней? Бо так ужо нельга!

– Вайна ў гэтым пытанні і сямʼі расколвае. Я ведаю прыклады, калі муж і жонка маюць розныя погляды на вайну, і першыя месяцы яны нават не размаўлялі, але неяк ужо трэба жыць далей. Праблема ў тым, што футбалісты наогул сустрэліся з Карпіным, ці ў тым, што фота патрапіла ў публічную прастору?

– Я разумею, што для эстонамоўнай супольнасці тут усё адназначна, у нас няма такіх праблем, якія ёсць у рускамоўнай суполцы. Я не раз чула расповеды пра тое, як праходзіць мяжа паміж пакаленнямі: бацькі і дзеці зусім па-рознаму разумеюць сітуацыю. І пра гэтыя рэчы цяжка гаварыць. У гэтым плане не мая справа неяк умешвацца ў такія адносіны, гэта вельмі цяжка для семʼяў, дзе ўзніклі падобныя разыходжанні. Але ў дадзеным выпадку, як я сказала, футбол – несумненна частка той мяккай сілы, якую выкарыстоўвае Расія. Спорт – элемент мяккай сілы, якую Расія выкарыстоўвае для нарошчвання сваёй улады. Гэта крыху іншая гісторыя, адрозная ад той, калі ў вас з сябрам разыходжанне ў поглядах. Відавочна, што гаворка ідзе пра кіраўніка футбольнай зборнай і пра чалавека, які падтрымліваў Пуціна. І, з іншага боку, гаворка ідзе пра эстонскую зборную. Па-мойму, гэта не проста гісторыя пра сяброў, якія ў нейкім бары разам пʼюць піва, – сказала Калас.

Нагадаем, з 24 лютага Расія працягвае вайну ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.