Усе навіны

З-за махінацыі з заробкамі з «Ювентуса» могуць зняць яшчэ 15 ачкоў у Серыі А

26 студзеня 2023, 14:59

З «Ювентуса» могуць зняць яшчэ 15 ачкоў у турнірнай табліцы Серыі А з-за «заробкавага манеўру», паведамляе Max Statman са спасылкай на Corriere dello Sport.

Гэта запатрабуе Федэральная пракуратура. Прычына – схаваныя пагадненні з футбалістамі ў сезонах 2019/20 і 2020/21.

Акрамя таго, турынскі клуб можа быць аштрафаваны. Сума штрафу можа быць роўная той, якая была ўзгоднена або выплачана гульцам, або ў 2 або 3 разы перавысіць яе.

Справа ў тым, што, калі Серыя А была прыпыненая з-за ковіда, «Ювентус» і сябры ягонага праўлення дамовіліся з футбалістамі, што яны нібыта адмаўляюцца ад заробку за 4 месяцы. Але фактычна гульцы ахвяравалі толькі месячны заробак, а астатнія пагадзіліся атрымаць праз тры месяцы.

Раней з «Ювентуса» было знята 15 ачкоў у Серыі А з-за фінансавых махінацый, пасля чаго клуб апусціўся з 3-га месца на 10-е.

Цяпер у каманды 23 ачкі. У выпадку дадатковых санкцый «Ювентус» апусціцца на перадапошні радок.

Была інфармацыя, што Шчэнсны, Дыбала, Банучы і яшчэ 13 гульцоў могуць атрымаць месячную дыскваліфікацыю з-за махінацыі «Ювентуса» з заробкамі.