Усе навіны

Нікола Дзаньёла: «Я заўсёды ўпарта працаваў як на полі, так і на трэніроўках з вышэйшай ступенню прафесіяналізму»

2 лютага 2023, 12:28

Паўабаронца «Ромы» Нікола Дзаньёла звярнуўся да заўзятараў клуба на фоне апошніх падзей з трансферам гульца ў іншы клуб.

«Было сказана і напісана шмат рэчаў, якія не адпавядаюць рэчаіснасці.

Я прыйшоў у клуб невядомым гульцом, і заўзятары прынялі мяне як роднага. Яны надалі мне ўпэўненасці, мужнасці і любові ў тыя жудасныя і цёмныя перыяды маіх траўмаў.

Забіўшы той мяч у Тыране (у фінале Лігі канферэнцый 2021/22 – заўв.) я адчуў, што адплаціў за ўсё, што атрымліваў ад іх увесь гэты час, унёсшы свой уклад у вялікі і незабыўны момант радасці ўсіх фанатаў «Ромы»

У апошнія некалькі месяцаў мне было складана зразумець, якой я бачу сваю футбольную будучыню. Аднак я заўсёды ўпарта працаваў як на полі, так і на трэніроўках з найвышэйшай ступенню прафесіяналізму.

Я спалохаўся за сябе і сваю сям'ю, і адчуў сябе кінутым. Раней такое ніколі не здаралася са мною.

Будучыня ў нашых руках, я трымаю сваё і аддаю сябе ў поўнае распараджэнне «Ромы», – напісаў Дзаньёла.

Раней гулец адмовіўся пераходзіць у «Борнмут» і настойваў на трансферы ў «Мілан».

З-за нездавальняючых паводзін і прагулаў трэніровак футбаліст быў выключаны з першай каманды.

Паведамлялася, што 23-гадовы італьянец можа падаць у суд на рымлянаў з-за псіхалагічнага ціску.