Усе навіны

Украінскія Алімпійскія чэмпіёны 1988 года па футболе звярнуліся да Баха з патрабаваннем нядопуску расійскіх атлетаў да Алімпіяды-2024

3 лютага 2023, 15:43

Украінскія Алімпійскія чэмпіёны 1988 года па футболе Аляксей Міхайлічэнка, Аляксей Чарэднік і Яўген Яравенка накіравалі ліст прэзідэнту Міжнароднага алімпійскага камітэта Томасу Баху, у якім асуджаюць ідэю допуску спартсменаў з Расіі да ўдзелу ў Алімпіядзе-2024, якая пройдзе ў Парыжы.

«Мы, алімпійскія чэмпіёны і грамадзяне шматпакутнай Украіны, якая зараз плаціць велізарную цану за права захаваць незалежнасць і ўласную ідэнтычнасць, катэгарычна асуджаем ідэю допуску да ўдзелу ў Алімпіядзе-2024 спартсменаў з Расіі.

Адпаведная прапанова была агучана Міжнародным алімпійскім камітэтам 25 студзеня, і з таго часу ўжо многія спартсмены і кіраўнікі розных дзяржаў падтрымалі дакладную пазіцыю Украіны па гэтым пытанні. Звяртаем вашу ўвагу на тое, што сусветная супольнасць з першых дзён поўнамаштабнага ўварвання ўзяла рашучы курс на ізаляцыю Расіі і яе грамадзян, якія адкрыта і публічна не асудзілі ваенную агрэсію супраць Украіны.

ФІФА і УЕФА яшчэ ў лютым 2022 адхілілі ўсе расійскія каманды ад усіх спаборніцтваў, якія праходзяць пад эгідай арганізацый, пазней пралангаваўшы гэтае рашэнне і на сезон-2022/2023 да далейшага інфармавання.

Варта таксама адзначыць той факт, што ні адна расійская спартыўная федэрацыя публічна не асудзіла ваенную агрэсію супраць Украіны. Тым самым яны толькі пацвердзілі сваю маўклівую падтрымку злачынстваў расійскай арміі ва Украіне. МАК сапраўды мае намер дапусціць да прэстыжных спаборніцтваў тых, хто падтрымлівае забойствы нявінных людзей? Калі гэта адбудзецца, то стане вялізным рэпутацыйным ударам і ганьбай усяго алімпійскага руху», – гаворыцца ў лісце.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 году працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.