Усе навіны

Хадасевіч пра пасяджэнне мінспорту па «стабілізацыі становішча» белфутбола: «Стабілізаваць» трэба было, як толькі нахіл у дэградацыю намеціўся, гадоў 10 таму»

6 лютага 2023, 12:05
1

Журналіст Мікалай Хадасевіч падзяліўся меркаваннем пра паседжанне мінспорту Лукашэнкі па «стабілізацыі становішча», дзе будуць абмяркоўвацца няўдачы беларускіх каманд на міжнароднай арэне.

«Збіраюць усіх-усіх, трубяць збор для таго, каб разабрацца, што адбываецца ў беларускім футболе, таму што няма вынікаў у нацыянальнай зборнай, у клубаў на міжнароднай арэне, ну і ўвогуле нейкі капут. Раптам. У пачатку лютага выявілася такая сітуацыя.

Парадокс. Таму што апошнія 2 гады я чуў іншую з вуснаў першых асоб. Дрэнна гуляла нацыянальная зборная, мы яе крытыкавалі, а нам расказвалі, што ўсё нармальна, маўляў, вы проста не бачыце, што на самой справе назіраецца прагрэс, каманда абнаўляецца, каманда амалоджваецца, у яе ўсё наперадзе.

Выляталі ўсе клубы ў кваліфікацыйных раўндах еўракубках, прычым – фух – вось так выляталі. А нам казалі, маўляў, нічога страшнага, затое ў нас тут праграма, распрацаваная да 2028 года, і мы паступова так развіваем беларускі футбол, трэба пацярпець, вось ліміты на маладых, вось ліміты на заробкі, каб не разбазарвалі і не раздзярбанілі ўсё дзяржаўнае. Вось тут мы зараз пачысцім усіх гэтых легіянераў, якія не патрэбныя. Толькі «Шахцёр» мы не чапаем да 2023 года. «Шахцёру» можна, а так наогул мы павыганяем, пачысцім. Вось тут мы ў ручное кіраванне, вось тут на зборы нельга, тут – яшчэ нешта нельга. І ў цэлым нармальна, трэба пацярпець, бо ўсё распрацавана, усё ідзе па плане.

У нас ёсць нямецка-расійскія методыкі падрыхтоўкі маладых футбалістаў распрацаваны ў Акадэміі АБФФ, у нас ёсць маладзёжная зборная з Сяргеем Ясінскім, які адпраўляецца ў «Віцебск», і разам з ім тоне. У нас застаецца гэты трэнерскі штаб нацыянальнай зборнай, таму што яны аруць як коні, у іх суперкаманда – так казаў Уладзімір Базанаў, натуральна не даслоўна, але тым не менш.

І вось 2 гады ўсё гэта мы слухалі, слухалі, і нават недзе хацелася б зажмурыцца і сказаць, маўляў, так, калі беларускі футбол сапраўды праз некалькі гадоў закаласіцца нейкімі талентамі, то няхай так і будзе. Толькі разумны сэнс падказваў, што ўсё гэта не працуе.

Дэградацыя беларускага футболу здарылася не ў апошнія 4 гады пры Базанаве. Намецілася яна значна раней. На мой жаль, не знайшлося людзей… «Стабілізаваць» трэба было, як толькі гэты нахіл у дэградацыю азначыўся. Даўным-даўно, магчыма, нават гадоў 10 таму. Ён намеціўся, праўда, калі ў Анатоля Анатольевіча Капскага ў БАТЭ скончыліся па ўсёй краіне маладыя футбалісты. Вось тады стала зусім відавочна, што ўсё не працуе, што мы дзіка адстаем. Калі зборная Люксембурга стала фаварытам у матчы з нацыянальнай камандай Беларусі, і ўсё роўна, Кандрацьеў, Штанге ці яшчэ хтосьці. Вось тады дэградацыя намецілася.

І не знайшлося людзей, якія на той момант сказалі б: «Стоп, нам трэба стабілізаваць і перагледзець, што адбываецца ў футбольнай гаспадарцы». Не знайшлося людзей, якія б мелі рэсурсы і магчымасці сказаць «стоп» і прыняцца стабілізаваць сітуацыю ў беларускім футболе», – сказаў Хадасевіч.