Усе навіны

Трэнер «Кубані» Ляўчук: «Крымскі «Севастопаль» у беларускай вышэйшай лізе спакойна змагаўся б за чэмпіёнства»

9 лютага 2023, 20:49

Беларускі трэнер «Кубані» Вячаслаў Ляўчук падзяліўся меркаваннем аб чэмпіянаце Крыма (часова акупаваная Расіяй тэрыторыя Украіны – Tribuna.com), у якім працаваў у мінулым сезоне.

Раней Ляўчук узначальваў «Рубін» з Ялты.

– Што з сябе ўяўляе чэмпіянат Крыму? Стадыёны, балельшчыкі, умовы ў клубах…

– Перш за ўсё хачу сказаць, што «Севастопаль» у беларускай вышэйшай лізе спакойна змагаўся б за чэмпіёнства. Дарэчы, хаўбек маскоўскага «Спартака» Даніла Хлусевіч і найлепшы на сёння бамбардзір РПЛ Уладзімір Сычавой – крымчане.

У лізе восем каманд, чатыры кругі, праводзіцца па сістэме «восень-вясна». У мінулым годзе восенню, праўда, правялі скарочаны турнір – у два кругі. Плюс на працягу года таксама гуляецца Кубак Крымскага футбольнага саюза.

Два топавыя клубы, безумоўных лідара – сімферопальская «Таўрыя» і «Севастопаль». Астатнія, можна сказаць, да іх цягнуцца. Два-тры з іх штогод спрабуюць навязаць лідарам канкурэнцыю.

Сказаць, што фан-рухі ў клубаў сур'ёзныя, нельга. Ёсць невялікія групоўкі актыўных балельшчыкаў у «Таўрыі», «Сімферопалі» і ялцінскім «Рубіне». У апошнім я якраз і папрацаваў, і яго заўзятары запомніліся больш за іншых. Падтрымлівалі нас цікава і арыгінальна.

Шыкоўны стадыён у «Таўрыі», які больш вядомы як «Лакаматыў», хаця зараз афіцыйна называецца па-іншаму.

Добрая новая арэна ў «Рубіна». На ёй, упэўнены, можна было б гуляць і ў першай расійскай лізе.

Таксама нядрэнныя «Севастопаль» і «Арэна-Крым» у Еўпаторыі. Паміж Сімферопалем і дарогай на Севастопаль ёсць пасёлак Навапаўлаўка – там цудоўныя поле і база. Працуй у Беларусі – пры магчымасці з задавальненнем ездзіў бы туды на зборы.

Утульны стадыён «Крымцяпліца», за пяць кіламетраў ад Сімферопаля. Астатнія пакідаюць жадаць лепшага, асабліва стан палёў. У Керчы наогул арэна 80-х гадоў пабудовы, праўда, паляна па восені дыхтоўная, але ўжо ўвесну не вельмі. Гэты стадыён – падабенства «Трактара» у Мінску. Пластыкавыя сядзенні ёсць, але даўно выгаралыя на сонца.

Успамінаю мінулую вясну, якая выдалася для тых шырот нетыповай - халодную, са снегам. Дык вось некалькі тураў усе каманды пасля аднаўлення чэмпіянату гулялі ў Еўпаторыі, на выдатнай сучаснай сінтэтыцы, – сказаў Ляўчук.