Усе навіны

Паўабаронца «Макслайнa» Лукашэвіч аб пераездзе клуба з Рагачова ў Мiнск: «4000 заўзятараў мы ўжо наўрад ці збярэм, але, спадзяюся, нейкая аўдыторыя застанецца з намі»

15 лютага 2023, 22:40

Паўабаронца «Макслайнa» (Д2) Цімафей Лукашэвіч падзяліўся меркаваннем аб пераездзе клуба з Рагачова ў Мінск.

– Як успрынялі змену прапіскі клуба з Рагачова на Мінск?

– Не сакрэт, што летась мы трэніраваліся ў Смалявічах, недалёка ад Мінска. Таму датычна месца трэніровак многім рабятам, у тым ліку і мне, стала толькі больш зручна працаваць у сталіцы. А вось наконт месца правядзення хатніх гульняў – гэта тэма балючая.

Думаю, для многіх футбольны Рагачоў асацыіруецца менавіта з балельшчыкамі, з самай наведвальнай камандай першай лігі, там заўсёды класная падтрымка. У многім дзякуючы гэтай падтрымцы мы і заслужылі права гуляць у вышэйшай лізе.

Таму вельмі сумна, што сёлета матчы будуць праходзіць не ў Рагачове, але, спадзяюся, нашыя заўзятары не пакінуць нас без падтрымкі.

Адразу згадваецца гасцявы матч у Астраўцы, дзе прыбыла вельмі самавітая частка нашых фанатаў і стварыла атмасферу, у якой футбалісты адчувалі сябе як дома і ўпэўнена перамаглі.

Будзем верыць, што сёлета на нашыя матчы таксама будуць прыязджаць фанаты, і клуб будзе дапамагаць жадаючым у арганізацыі гэтых паездак.

– Вы думаеце, людзі, якія жывуць у Рагачове, будуць прыязджаць падтрымліваць вас?

– Вядома, цяжка адказваць за заўзятараў з Рагачова. Зразумела, што 4000 заўзятараў, як 9 траўня, мы ўжо ці наўрад збяром, але, спадзяюся, нейкая аўдыторыя застанецца з намі.

Бо каманда не стане рэзка чужой для горада: застануцца хлопцы, якія самі родам з Рагачова, хлопцы, якія ўжо тры гады выступалі за рагачоўскія каманды. А некаторыя нават і больш за тры гады.

– Вы прыйшлі ў клуб яшчэ ў 2020 годзе, калі каманда і гуляла, і грунтавалася ў Рагачове. Ці падабалася вам, мінчаніну, там жыць?

– Улічваючы, што ў 2020 гэта была другая ліга, мы толькі збіраліся на адну-дзве трэніроўкі і гульню ў Рагачове. Нашага майстэрства хапала, каб перамагаць і ў такім рэжыме. А сам горад пакідае толькі прыемнае ўражанне. Невялікі, акуратны, спакойны горад, ужо адчуваю сябе як дома ў ім, – сказаў Лукашэвіч.