Усе навіны

Цімафей Лукашэвіч: «2019-ы ўдарыў па матывацыі займацца футболам. У «Макслайн» прыйшоў «пагуляць для душы» у Д3, але па ходзе сезона стаў зноўку улюбляцца ў футбол»

16 лютага 2023, 10:21

Паўабаронца «Макслайна» Цімафей Лукашэвіч распавёў пра складаны перыяд у 2019 годзе, калі быў расфармаваны «Дняпро», за які ён выступаў, і пра новы этап у рагачоўскай камандзе.

– Доўга думалі пасля расфарміравання «Дняпро» над прапановай «Макслайна». Усё ж такі другая ліга...

– 2019 год моцна ўдарыў па матывацыі прафесійна займацца футболам, прынамсі тады вырашыў, што з Мінска пераязджаць у іншы горад не буду. Праз нейкі час Ілля Трачынскі, з якім пачыналі займацца футболам у аднаго трэнера ў СДЮШАР-«Дынама», толькі з розніцай у восем гадоў, прапанаваў пагуляць у «Макслайне». Стэлефанаваліся з Андрэем Пятровічам Іваненкам, хутка ўсё абгаварылі, і я стаў выступаць у другой лізе за клуб з Гомельскай вобласці. Ведаў многіх хлопцаў у камандзе, таму доўга думаць не прыйшлося. Тады гэта пазіцыянавалася як «пагуляць для душы» у другой лізе, а ў выніку вось як закруцілася!

– Старт і перспектывы ў вас былі добрыя па беларускіх мерках: мінскае «Дынама», дэбют у моладзевай зборнай і дубль у першым матчы за яе, а потым ваша кар'ера пайшла на спад. Якія прычыны гэтага спаду, на ваш погляд?

– Сам не раз спрабаваў разабрацца, што ж усё-такі адбылося. Так склалася, што 2019 год атрымаўся складаным па ўсіх параметрах: пераезд з роднага горада, праблемы з фінансамі ў камандзе, арэнда ў першую лігу, дык яшчэ і праблемы ў асабістым жыцці ў прыдачу. Мяркую, усё гэта і наклала адбітак і на футбол. Патрэбна была перазагрузка. Варта адзначыць, што па ходзе сезона ў другой лізе з «Макслайнам» стаў зноўку улюбляцца ў футбол.

– Цяпер вы любіце футбол, як і раней?

– Калі не больш (смяецца). Стаў па-іншаму глядзець на футбол з часам. Тым больш апынуўся ў такім выдатным клубе, з якім за два сезоны забралі медалі другой лігі, а ўжо ў наступным заслужылі права гуляць у вышэйшай. У клубе, дзе, па мерках Беларусі, ходзіць вялікая колькасць гледачоў на матчы і прымушаюць любіць футбол яшчэ больш. Пачынай мы гэты сезон у вышэйшай лізе ў Рагачове, шчасцю не было б мяжы, але як ёсць. Матывацыя нікуды не знікла.

– На гэты сезон у «Макслайна» і ў вас асабіста толькі максімальныя мэты?

– Думаю, пасля мінулага сезона ўжо нельга паніжаць планку. Трэба зрабіць усё магчымае, каб заняць прызавыя месцы, а там ужо будзе як будзе, – распавёў Лукашэвіч.