Усе навіны

Новым кіраўніком АБФФ можа стаць палкоўнік ПДВ і былы намеснік мінстра спорту Партны («СБ»)

18 лютага 2023, 15:08
1

Праўладная «СБ» назвала прэтэндэнтам на пасаду кіраўніка АБФФ былога намесніка міністра спорту Беларусі Міхаіла Партнога.

«Кажуць, што цяперашні кіраўнік АБФФ Уладзімір Базанаў, а разам з ім ягоны першы намеснік і правая рука Юры Вяргейчык добраахвотна складуць з сябе паўнамоцтвы, прымуць схіму і сыдуць у манастыр.

Іншыя настойваюць, што іх прыбярэ жалезнай рукой міністр спорту Сяргей Кавальчук, які асабіста ўзяўся за расчыстку аўгіевых стайняў у беларускім футболе.

Трэція на месца новага кіраўніка даўно і старанна прадказваюць Аляксандра Глеба.

А чацвёртыя робяць стаўку на былым намесніку міністра спорту, а цяпер генеральнага дырэктара РЦАП коннага спорту і конегадоўлі ў Ратамцы палкоўніка ПДВ у адстаўцы Міхаіла Партнога. Маўляў, у яго не забалуеш: дысцыпліна будзе жалезная, а кросы па раніцах пачнуць бегаць нават вахцёры.

Але ўсё будзе значна прасцей – куфэрак проста адкрыецца: хто будзе кіраваць нашым футболам у бліжэйшыя гады, вырашаць дэлегаты канферэнцыі агульным галасаваннем, выбраўшы з ліку тых, хто сапраўды вылучыць сваю кандыдатуру. Хоць інтрыга, вядома, ёсць», – напісаў аўтар СБ Сяргей Канашыц.

Падчас пратэстаў 2020 года Партны ціснуў на спартсменаў, якія выказваліся пра тое, што адбывалася ў Беларусі і хадзілі на мірныя акцыі пратэсту.

За гэта ў лістападзе 2020 года Партнога ўнеслі ў санкцыйныя спісы Літвы, Латвіі і Эстоніі.