Усе навіны

«Пакуль заходнія і паўднёвыя суседзі бяздумна ўцягваюцца ў ваенную варонку, наша дзяржава прыкладае ўсе намаганні для міру». «Белшына» прывяла словы ад імя ўдзельнікаў відэа супраць гвалту з мерапрыемства да дня УС РБ

21 лютага 2023, 14:29

Як паведамляе «Белшына», футбалісты і трэнерскі штаб клуба прынялі ўдзел у мерапрыемстве да дня Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь.

У справаздачы пра мерапрыемства клуб прывёў выказванні ад імя некалькіх гульцоў. Адзначым, што фразы апублікаваныя ў тэкставым выглядзе, што не дае магчымасці гарантаваць, што такія словы сапраўды былі сказаныя футбалістамі.

– Мы, футбалісты «Белшыны», як і ўся моладзь Беларусі, схіляем галовы перад незгасальным подзвігам нашых продкаў, якія абаранілі сваю Айчыну у жорсткіх бітвах. Мы ганарымся іх самаадданасцю і нязломнай сілай духу, – гаворыцца ў каментарыi ад імя абаронцы каманды Артура Слабашэвіча.

– Беларусь ніколі не была і не будзе крыніцай зла і гвалту. Бясспрэчнай каштоўнасцю для беларусаў заўсёды выступаў і выступае мiр. Пра гэта сведчыць уся наша шматвяковая гісторыя. Подзвіг беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне заўсёды будзе для нас узорам гераізму і любові да Радзімы, – указана ад імя гульца абароны Паўла Чыкіды.

– Не выпадковым стала абвяшчэнне ў нашай краіне (рэжымам Лукашэнкi – Tribuna.com) 2023 года Годам міру і стварэння. У той час, калі нашы заходнія і паўднёвыя суседзі бяздумна ўцягваюцца ў варонку ваеннага супрацьстаяння, наша дзяржава прыкладае ўсе намаганні для захавання міру і спакою. Мы хочам жыць пад мірным небам, – быццам бы заявiў хаўбек Кірыл Леановіч.

– Выдатна, што клуб арганізоўвае такія мерапрыемствы. Мы, моладзь, павінны ведаць пра подзвіг, які здзейснілі дзеля нас, дзеля мірнага неба над намі, – сказана ад імя брамніка «Белшыны» Аляксея Харытановіча.

Нагадаем, з 24 лютага 2022 году Расія працягвае вайну ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

Адзначым, што Слабашэвіч, Чыкіда і Леановіч сказалі «Мы супраць гвалту» для відэа беларускіх футбалістаў у верасні 2020-га. У канцы 2022-га стала вядома, што Слабашэвіч і Чыкіда патрапілі ў «чорны спіс» міністэрства спорту Лукашэнкі. У 2023-м фігуранты «чорнага спісу» неаднаразова ўдзельнічалі ў розных рэжымных мерапрыемствах.