Усе навіны

За выкарыстанне гульцоў з чорнага спіса т.зв. Мінспорта «Слуцку» пагражалі выключэннем з чэмпіянату

3 сакавіка 2023, 14:45

Паводле інфармацыі «Трыбуны», перад «Слуцкам» была пастаўлена ўмова, што калі клуб не паслухаецца і заключыць з 4 футбалістамі з «чорнага спісу» Мінспорта Лукашэнкі кантракты, то справа можа скончыцца выключэннем з чэмпіянату. Нагадаем, што «Трыбуна» дазналася, што 4 гульцоў «Слуцка» – варатары Ілля Бранавец і Павел Шчарбачэня, а таксама абаронцы Яўгені Вялько і Юрый Астравух – не прымуць удзел у чвэрцьфінальным матчы Кубка Беларусі супраць «Славіі». З гульцамі разарваныя ці не заключаныя кантракты да распараджэння «камісіі» рэжымнага Мінспорта.

Акрамя таго «Нёман», у якога таксама 4 гульцы не дапушчаныя Мінспортам Лукашэнкі да матчу 1/4 фінала Кубка с «Віцебскам», таксама быў папярэджаны, што калі з «непажаданымі» гульцамі будуць заключаны кантракты і іх заявяць на матч Кубка, то план развіцця – а гэта магчымасць атрымліваць грошы з дзяржбюджэту, якім распараджаецца рэжым, – гродненскаму клубу не падпішуць. Гродзенцы далі зразумець, што ісці супраць не маюць намеру, і ў выніку літаральна на днях план развіцця «Нёману» зацвердзілі. Нагадаем, што сярод «непажаданых» футбалістаў фігуруюць прозвішчы варатара Сяргея Курганскага, абаронцы Яўгена Ляшко, паўабаронцы Рамана Пасевіча і капітана «Нёмана» Валера Жукоўскага.