Усе навіны

Трэнер ЧБ: «Найлепшае рашэнне Драгуна – гэта зламаць нос Пуцілу за такія подлыя паводзіны, ён для мяне перастаў быць футбалістам і адэкватным чалавекам»

16 сакавіка 2023, 17:55

Беларускі футбольны трэнер у інтэрв'ю тэлеграм-каналу «О, спорт! Ты - мір!» падзяліўся меркаваннем аб непрацягненні кантракта БАТЭ са Станіславам Драгуном.

Нагадаем, у снежні 2022-га «Трыбуна» паведамляла пра стварэнне «чорнага спісу» так званага Мінспорту як мінімум з 48 прозвішчаў, у асноўным з удзельнікаў відэа супраць гвалту ў верасні 2020-га. З фігурантамі спісу клубам у рэжымнай Беларусі было забаронена заключаць кантракты.

Пазней стала вядома, што «Мінспорту» робіць выбарачныя выключэнні з пераліку, на што могуць паўплываць прашэнні кіраўнікоў клубаў і ўдзел у рэжымных мерапрыемствах, аднак некаторым гульцам не дапамагае і гэта.

– У «чорным спісе» ёсць Драгун, з якім Пуціла разам гуляў у «Дынама». Дапаможа Антон былому аднаклубніку?

– Ведаю, што Станіслаў – гэта чалавек сумлення, чалавек слова. Не бяру моманты пераходаў у клубы, усё там было раздзьмута. Але гэта ўсё роўна чалавек слова, са сваім меркаваннем. А што да вашага пытання...

Калі сапраўды, то хачу спадзявацца, што ў гэтых гульцоў наогул няма ніякіх зносін, таму што найлепшае рашэнне Драгуна – гэта зламаць нос Пуцілу за такія подлыя паводзіны. Можа, Стаса ён абароніць, а ўмоўнага Колю Батарэйкіна – не абароніць. А чым Батарэйкін горшы за Драгуна? Што, не чалавек? Ён не варты гуляць далей?

Як па мне, гэта нейкія часы нацыскай Нямеччыны, дзе нейкія людзі наверсе вырашаюць чужыя лёсы. І нам будуць казаць, як любіць Радзіму, як быць патрыётам. Вы ў сваім розуме? – сказаў ён.

Tribuna.com публікуе каментарыі спікераў, якія знаходзяцца ў Беларусі, ананімна для іх бяспекі.