Усе навіны

Туміловіч – Кандрацьеву: «Калі ў прыгожы футбол гуляла ваша зборная, якая, як вы кажаце, нават лепшая за нашу?»

16 сакавіка 2023, 22:31
3

Экс-галкіпер менскага «Дынама» Генадзь Туміловіч адрэагаваў на крытыку з боку галоўнага трэнера зборнай Беларусі Георгія Кандрацьева.

Раней спецыялісты ўступілі ў завочную пікіроўку.

– Дзякуй за канструктыўную крытыку. Згодзен, мы цвікі, дык нікуды і не выйшлі з адборачных груп. Але, трэба прызнаць, тады яркіх матчаў у выкананні зборнай было невымерна больш, чым зараз. Таму і стадыён «Дынама» быў бітком, і заўзятары ведалі, што наша непрадказальная каманда можа абгуляць каго заўгодна. І каму заўгодна зліць.

Хоць, калі б у нашага пакалення ў зборнай былі нармальны трэнер і добры варатар, то мы, упэўнены, дабіліся б значна большага.

Так, памятаю, Андоры аднойчы ў таварняку прайгралі, але з Кіпрам сапраўды ўсё было наадварот. Як і ў матчах з расiянамі, украінцамі, венграмі, палякамі, нарвежцамі, шатландцамі, туркамі і валійцамі - мне здаецца, гэта не самыя слабыя еўрапейскія зборныя.

Нічые з італьянцамі і тры забітыя ім мячы ў Парме лічыць не буду, хаця балельшчыкі, упэўнены, шануюць згаданы матч, нават нягледзячы на паражэнне. Я тады не гуляў, але адчуваў сапраўдную асалоду, гледзячы на тое, як каманда білася супраць Буфона, Тоці, Гатуза і кампаніі да апошніх хвілін, падарыўшы ўсім прыгожы футбол.

А калі ў прыгожы футбол гуляла ваша зборная, якая, як вы кажаце, нават лепшая за нашу?

Таксама вы не змаглі прайсці міма вечнай праблемы дзіцяча-юнацкага футбола. Хоць, здавалася б, чалавек, які ўвесь час працуе ў штаце нацыянальных каманд, мог бы даўно не толькі падняць гэтае пытанне ў федэрацыі, але і прасачыць за яго рашэннем.

Памятаю, вы яшчэ і трэніравалі з паўдзясятка каманд вышэйшай лігі, але нешта я не чуў, каб у «Смаргоні», віцебскім «Лакаматыве» ці «Белшыне» неяк асабліва якасна зарабілі групы падрыхтоўкі маладых гульцоў.

Здаецца, вас куды больш хвалявалі пытанні судзейства, чым праблемы дзіцяча-юнацкага футбола.

Вы можаце сказаць, што мне лёгка разважаць збоку, але я, рэгулярна працуючы з маладымі расійскімі брамнікамі, ужо давёў да кантрактаў з клубамі РПЛ двух хлопцаў 2004 і 2006 гадоў нараджэння. І, спадзяюся, яны не будуць маімі апошнімі выхаванцамі - мне ёсць што перадаць маладым талентам. Хаця і шкада, што толькі расійскім.

Спадзяюся, вы правільна ўспрыме маю канструктыўную крытыку, і мы ўсе разам парадуемся прыгожай гульні нашых хлопцаў у надыходзячым адборачным цыкле. З нецярпеннем чакаю яго пачатку і, вядома, жадаю вам удачы, – сказаў Туміловіч.