Усе навіны

Футбольны менеджар пра Пуцілу ў камісіі «Мінспорта»: «На вайне былі здраднікі, якія здавалі сваіх жа суайчыннікаў немцам. І вы ведаеце, як да іх потым ставіліся людзі»

17 сакавіка 2023, 11:37

Футбольны менеджар на ўмовах ананімнасці падзяліўся сваім меркаваннем з Telegram-каналом «О, спорт! Ты – мир!» наконт таго, што футбаліст мінскага «Дынама» Антон Пуціла будзе ўваходіць у спецыяльную камісію Мінспорта Лукашэнкі, якая будзе вырашаць, каго з футбалістаў з «чорнага спісу» дапусціць да белфутбола.

Нагадаем, у снежні 2022-га «Трыбуна» паведамляла пра стварэнне «чорнага спісу» так званага Мінспорту як мінімум з 48 прозвішчаў, у асноўным з удзельнікаў відэа супраць гвалту ў верасні 2020-га. З фігурантамі спісу клубам у рэжымнай Беларусі было забаронена заключаць кантракты.

Пазней стала вядома, што «Мінспорту» робіць выбарачныя выключэнні з пераліку, на што могуць паўплываць прашэнні кіраўнікоў клубаў і ўдзел у рэжымных мерапрыемствах, аднак некаторым гульцам не дапамагае і гэта.

– Для пачатку варта сказаць, што ў прынцыпе наяўнасць дадзенай камісіі – гэта гісторыя не пра развіццё футбола. І як увогуле да гэтага можна ставіцца? Я не ведаю ніводнай краіны, дзе была б такая ж камісія. Як гэта ўвогуле звязана з футболам, са спортам? Спевы гімна на сумесным пасяджэнні Мінспорту і АБФФ – гэта з той жа оперы, ніякага развіцця футбола.

– Наяўнасць Антона Пуцілы ў камісіі чым для сябе тлумачыце?

– Шчыра, з ім не знаёмы, але ўсё ж спрабую зразумець, што ён там робіць, чаму гулец аказаўся ў гэтай камісіі. Можа, у яго не было выбару? А можа, ён пагадзіўся, каб потым заняць нейкую пасаду ў беларускім футболе? Ведаеце, я скажу так: спадзяюся, у Антона не было выбару :). Але сапраўды не ўяўляю, як ён будзе казаць Кавальчуку, каго «прабачыць», а каго «не прабачаць».

– Вы наогул маглі ўявіць сітуацыю, што дзейны футбаліст будзе вырашаць лёс сваіх калег?

– Давайце так скажам. Думаю, канчатковае рашэнне ўсё роўна прымае не ён. Проста ўдзельнічае, проста раіць, але фінальнае рашэнне не за ім. Іншы момант – не думаю, што Пуціла такі ўжо адмарожаны, каб «тапіць» калег. Ён жа мае зносіны з гульцамі, ведае іх і са спартовага, і з чалавечага боку.

– Якое стаўленне будзе да Антона з боку футбалістаў, нават тых, хто не ў «чорным спісе»?

– Колы як мінімум праколюць :). Ну а калі сур'ёзна, якое да яго можа быць стаўленне ў такой сітуацыі? Вось як на вайне былі здраднікі, якія здавалі сваіх жа суайчыннікаў немцам. І вы ведаеце, як да іх потым ставіліся людзі. Вось і пра Антона, мусіць, такая ж гісторыя.

– У «чорным спісе» ёсць былы аднаклубнік Пуцілы Станіслаў Драгун. Як думаеце, што будзе рабіць паўабаронца «Дынама»?

– Тут наогул у мяне ўзнікае яшчэ раз пытанне: з якога перапуду дзейны гулец павінен вызначаць лёс іншага дзейнага гульца? Гэта ж трызненне. Тым не менш я спадзяюся, што ён не будзе «тапіць» ні Драгуна, ні іншых футбалістаў. Трэба ж нешта чалавечае захоўваць. Не знаёмы з Антонам, але хочацца верыць у найлепшае, – сказаў футбольны менеджар.

Tribuna.com публікуе каментарыі спікераў, якія знаходзяцца ў Беларусі, ананімна для іх бяспекі.