Усе навіны

Хадасевіч пра праблемы белфутбола: «Клубы ЧБ дэградуюць эканамічна, кадрава. Зверху дэкларуюць ідэалогію. Складана ў такіх умовах чакаць творчасці ад футбалістаў»

20 сакавіка 2023, 19:59

Журналіст Мікалай Хадасевіч у інтэрв'ю для Telegram-канала «Людзі» падзяліўся сваім поглядам на праблемы беларускага футбола.

«Пералічваць можна доўга. Перш за ўсё, вылучу заняпад дзіцяча-юнацкага футбола. Тут і ўмовы для трэніровак, і заробкі трэнераў, і кваліфікацыя саміх настаўнікаў. Магчыма, гэта якраз удасца падкарэктаваць [дзяржтрэнеру Анатолю] Юрэвічу, бо маладыя таленты амаль не растуць. Іншы балючы момант – агульны эканамічны стан краіны. Колькасць грошай на развіццё футбола, мякка кажучы, сёння моцна абмежавана. У чэмпіянаце Беларусі ёсць ліміт на заробкі.

Клубы вышэйшай лігі дэградуюць ва ўсіх адносінах: эканамічна, кадрава. Няма і вольнага палёту, доўгатэрміновага развіцця. Занадта шмат кіраўнікоў зверху, якія дэкларуюць толькі ім цікавыя рэчы ў выглядзе патрыятызму, ідэалогіі. Ствараюцца рознага кшталту камісіі: ці можна гуляць асобным футбалістам ці не, каму ехаць на замежныя зборы. Гэта не прадуктыўнае працоўнае становішча, а асяроддзе выжывання. Цяжка ў такіх умовах чакаць творчасці. А футбалісты павінны выходзіць на поле і адчуваць сябе разняволена, не думаючы пра шэраг пастаноў і прадпісанняў», – сказаў Хадасевіч.