Усе навіны

УЕФА не забараніў выкарыстанне карты Венгрыі з часткамі тэрыторый Украіны, Славакіі, Румыніі, Харватыі і Сербіі на банерах фанатаў

22 сакавіка 2023, 13:39

УЕФА вырашыў не забараняць выкарыстанне сімволікі з картай так званай «Вялікай Венгрыі» на матчах пад эгідай саюза.

Размова ідзе аб карце з часткамі тэрыторый Украіны, Славакіі, Румыніі, Харватыі і Сербіі.

Асацыяцыя футбола Венгрыі заявіла, што УЕФА дазволіў выкарыстанне такіх банераў на стадыёнах. Яны нібыта сімвалізуюць павагу гістарычнай Венгрыі і салідарнасць з балельшчыкамі з-за мяжы.

Пры гэтым ёсць шэраг правіл. На банеры не можа быць іншых сімвалаў ці надпісаў – толькі выкарыстанне колеру сцяга краіны.

«Нашы балельшчыкі павінны ўсведамляць, што любы расісцкі або палітычны мэсадж прывядзе да дысцыплінарных мер», – гаворыцца ў заяве асацыяцыі.

Тэрыторыі, намаляваныя на гэтай карце, належалі Каралеўству Венгрыя да канца Першай сусветнай вайны. Затым Венгрыя страціла іх па ўмовах Трыянонскай мірнай дамовы.

Раней з шалікам «Вялікай Венгрыі» на гульню з Грэцыяй прыйшоў прэм'ер-міністр Віктар Орбан.