Усе навіны

Дулуб пра сыход платформ прасунутай статыстыкі з белфутбола: «Сур'ёзны ўдар для трэнераў. Замяніць – без шанцаў. Японскі чып можна замяніць гайкай?»

23 сакавіка 2023, 14:29

Беларускі спецыяліст Алег Дулуб падзяліўся меркаваннем аб сыходзе WyScout з Беларусі. Нагадаем, сервіс статыстыкі, якім карысталіся беларускія трэнеры, на фоне вайны ва Украіне пакінуў рынак Беларусі.

– Для трэнераў гэта сур'ёзны ўдар. Пакуль увесь свет ідзе шляхам глабалізацыі, беларускія спецыялісты адразаюцца ад выхаду на маштабныя платформы, яны губляюць магчымасць вывучаць каласальны аб'ём інфармацыі.

– Вас не здзіўляе сыход статыстычных платформаў з Беларусі?

– Дык сышлі ж не толькі платформы. Футбол – гэта ў тым ліку адлюстраванне ўсяго, што адбываецца ў Беларусі. Я ўвогуле здзіўлены, што аналітыкі так доўга трымаліся ў краіне.

– У беларускім футболе ёсць спецыялісты, якія змогуць нейкім чынам замяніць той жа WyScout?

– Не, сваімі намаганнямі праграму не замяніць. Гэта профільныя платформы, дзе працуюць спецыялісты, занятыя ў канкрэтнай галіне. Хтосьці лічыць кутнія ці ўдары па варотах, хтосьці сочыць за іншымі момантамі, трэція робяць нарэзкі. Плюс, паўтаруся, самі платформы, як і сучасны футбол, актыўна развіваюцца, праца там праводзіцца каласальная. І ўручную, а тым больш аднаму чалавеку, іх не замяніць. Нікога не хачу пакрыўдзіць, але, калі праводзіць паралелі, можна сказаць, што WyScout – гэта «Мэрсэдэс», а спецыялісты, якія ёсць у Беларусі, няхай нават аб'яднаныя агульнай ідэяй, – гэта «Запарожац». Паўтаруся, замяніць платформу – проста без шанцаў. Японскі чып можна замяніць гайкай? Канешне, не, – сказаў Дулуб.