Усе навіны

Хадасевіч пра словы Шарснёва, што белфутболу патрэбныя перамены: «Калі яны патрэбныя, то давайце скасуем камісію па 50 забаненым футбалістам і дамо ім гуляць у футбол»

23 сакавіка 2023, 16:56

Журналіст Мікалай Хадасевіч пракаментаваў словы новага старшыні АБФФ Мікалая Шарснёва пра тое, што белфутболу неабходныя перамены.

«Як толькі скончылася справаздачна-выбарная канферэнцыя АБФФ новы старшыня сказаў наступнае: «Няма часу на разварушванне. Усе ўжо стаміліся чакаць вынікаў ад беларускага футбола. Нам патрэбныя перамены».

Калі адштурхоўвацца ад такога пасылу, што нам патрэбныя перамены і ўсе ўжо стаміліся чакаць вынікаў ад беларускага футбола, я не стамлюся паўтараць адну рэч: з аднаго боку робіцца ўсё, каб не было ніякіх вынікаў ні ў нацыянальнай зборнай, ні ў клубаў на міжнароднай арэне, а з другога – чакаюць вынікі. Гэта не тое што парадокс, гэта ўжо збольшага ідыятызм.

Калі мы кажам, што патрэбныя перамены, дык вось, дапусцім, першая перамена… Зараз жа камісія павінна прайсці, дзе 50 забаненных футбалістаў ёсць. Ну дык вось, калі патрэбныя перамены, то давайце адменім гэтую камісію і дамо проста пацанам гуляць у футбол», – сказаў Хадасевіч.

Нагадаем, у снежні 2022-га «Трыбуна» паведамляла пра стварэнне «чорнага спісу» так званага Мінспорту як мінімум з 48 прозвішчаў, у асноўным з удзельнікаў відэа супраць гвалту ў верасні 2020-га. З фігурантамі спісу клубам у рэжымнай Беларусі было забаронена заключаць кантракты.

Пазней стала вядома, што «Мінспорту» робіць выбарачныя выключэнні з пераліку, на што могуць паўплываць прашэнні кіраўнікоў клубаў і ўдзел у рэжымных мерапрыемствах, аднак некаторым гульцам не дапамагае і гэта.