Усе навіны

«Барселона» просіць прызнаць яе чэмпіёнам Іспаніі сезона-1936/37

26 сакавіка 2023, 17:03

«Барселона» звярнулася ў Федэрацыю футбола Іспаніі з просьбай прызнаць клуб чэмпіёнам Іспаніі ў сезоне-1936/37.

З 1936 па 1939 гады чэмпіянат Іспаніі не праводзіўся з-за грамадзянскай вайны. У сезоне-1936/37 адбыўся розыгрыш Міжземнаморскай лігі з удзелам 8 іспанскіх клубаў «Барселоны», «Эспаньёла», «Жыроны», «Валенсіі», «Левантэ», «Хімнастыка», «Гранальерса» і «Атлетыка Кастэльён». «Барселона» выйграла гэты турнір.

У клубе лічаць, што ва ўмовах вайны Міжземнаморская ліга была аналагам чэмпіянату Іспаніі і просяць прызнаць «Барсу» чэмпіёнам краіны. У 2009 годзе «Барселона» ужо звярталася з аналагічнай просьбай, але атрымала адмову. Аднак цяпер каталонскі клуб абапіраецца на іншае рашэнне федэрацыі, якая прызнала перамогу «Левантэ» у Кубку Іспаніі ў тым жа сезоне.

У сезоне-1936/37 адбыўся розыгрыш Кубка Свабоднай Іспаніі з удзелам 4 каманд: «Левантэ», «Валенсіі», «Эспаньёла» і «Жыроны». Па выніках групавога турніру «Левантэ» і «Валенсія» выйшлі ў фінал. Вырашальны матч завяршыўся перамогай «Левантэ» — 1:0. У сакавіку 2023 года федэрацыя прызнала клуб уладальнікам Кубка Іспаніі таго сезона. «Барселона» спадзяецца, што ў яе выпадку будзе прынятае аналагічнае рашэнне.