Усе навіны

Івулін пра ператрус у сябе дома: «Спрабавалі праверыць, ці рэальна Ярык заўзее за «Ліверпуль»

1 красавіка 2023, 16:59

Журналіст Tribuna.com Аляксандр Івулін у інтэрв'ю блогеру Мікіце Мелказёраву распавёў, як праходзіў ператрус у яго дома.

— Падчас ператрусу, калі яны глядзелі тэлефон, калі яны ператрэсвалі ўсе мае рэчы, наогул не было страху. Прама не баяўся, ты проста сканцэнтраваны і ты імкнешся ўсё запомніць, і ў мяне была вельмі вялікая асцярога, што могуць што-небудзь падкінуць, калі мы былі ў кватэры. Але такога не было. У прынцыпе, у мяне тамака і так хапала рэчаў. Усякія цішоткі з «Пагоняй». У мяне было пару бранзалетаў бел-чырвона-белых і пару бранзалетаў жоўта-сініх. І на гэтыя жоўта-сінія сказалі «Ну ай». У мяне была гара на канапе ўсякага.

— Я чуў, што ў вас было не вельмі прыбрана.

— Так, яны накідалі горы. Спачатку паклалі біяграфію сэра Алекса Фергюсана. Яна такая бела-чырвоная і там твар дзядка такога. Ну дзядулі, легенды! І яны спачатку паклалі гэтую кніжку да ўсёй маёй бел-чырвона-белай атрыбутыцы. «Ну, ай, пакінем».

Мы здымалі кватэру з Ярыкам Пісарэнкам і ён заўзее за «Ліверпуль» і ў яго на сцяне вісеў шалік «Ліверпуля» бел-чырвона-белы.

Яму таксама прыйшлося разганяць, што гэта проста шалік «Ліверпуля». Там адзін з людзей, які праводзіў ператрус, спрабаваў праверыць, ці рэальна Ярык заўзее за «Ліверпуль». Нешта нават ведаў.

Гэта было дастаткова пацешна, але шалік захаваўся. Я, дарэчы, не ведаю, дзе ён. Гэта значыць шалік таксама не быў знішчаны. Таму што ўсю атрыбутыку па выніках судовага паседжання прысудзілі да знішчэння, — сказаў Івулін.

Нагадаем, з 3 чэрвеня 2021-га Івуліна больш за 20 месяцаў утрымлівалі за кратамі ў рэжымнай Беларусі. Ён выйшаў на волю 17 лютага, поўнасцю адбыўшы прызначаны «судом» тэрмін у два гады калоніі за ўдзел у мірных пратэстах.