Усе навіны

«Бешыкташ» у рамках спонсарскага пагаднення з «Газпромам» будзе транзітным клубам для продажу гульцоў РПЛ у Еўропу

26 красавіка, 10:44

Турэцкае выданне Fotospor, спасылаючыся на расійскае прапагандысцкае выданне «ТАСС», паведаміла аб дэталях спонсарскага пагаднення «Бешыкташа» і «Газпрома».

Клуб будзе мець прыярытэтнае права на падпісанне футбалістаў з чэмпіянату Расіі і не будзе плаціць грошы за іх трансфер, гэтыя выдаткі возьме на сябе «Газпром».

Пры пераходзе гэтых футбалістаў у іншыя каманды «Бешыкташ» будзе атрымліваць 15-25% ад сумы продажу.

Такім чынам футбалісты, якія хочуць пакінуць РПЛ, спачатку будуць пераходзіць у «Бешыкташ», а затым перапрадавацца ў іншыя клубы Еўропы.

Таксама крыніца, спасылаючыся на іншае расійскае прапагандысцкае выданне «Спорт24», паведаміла аб фінансавым складніку здзелкі.

Кантракт будзе падпісаны на 5 гадоў па схеме 3+2, «Бешыкташ» будзе атрымліваць каля 20 млн еўра ў год або 5,4 млрд рублёў.

Здзелка будзе заключана ў турэцкіх лірах або расійскіх рублях. Плацяжы будуць ажыццяўляцца праз «Газпромбанк» у адзін з банкаў Турцыі, Swift-транзакцыя не будзе выкарыстоўвацца.

Таксама раней была інфармацыя, што «Газпром» хоча прызначыць у раду дырэктараў клуба двух сваіх мэнэджэраў, якія будуць абараняць інтарэсы кампаніі.