Усе навіны

Сяргей Паўлюковіч пра прызначэнне галоўным трэнерам «Арсенала»: «Сказаць, што позна дабіўся чагосьці? Не. Сказаць, што марыў? Не»

9 траўня, 14:43

У студзені 2023 года Сяргея Паўлюковіча прызначылі новым галоўным трэнерам дзяржынскага «Арсенала». Зараз ён расказаў пра тое, як упершыню аказаўся на пасадзе на чале каманды.

– Наш трэнерскі штаб [у «Іслачы»] скончыў працу ў папярэднім клубе і быў на ростанях. Калі паступіла прапанова, я яе выслухаў, таму што з кіраўніком футбольнага клуба «Арсенал» я быў знаёмы.

Не ўтаю, раней, некалькі гадоў таму, Аляксей Уладзіміравіч [Меляшкевіч] рабіў мне прапанову, калі яшчэ каманда была, напэўна, у першай лізе. Магчыма, я магу памыляцца. Тады я зрабіў выбар у бок «Віцебску», сышоў [туды] працаваць памагатым. І ён мне сказаў: «Ну, бачыш, гэта, магчыма, лёс».

Таму сказаць, што я марыў? Не. Сказаць, што позна я дабіўся чагосьці? Не. Я гатовы, умоўна, калі ў складваецца сітуацыя, праз месяц быць памочнікам? Окей, я буду памочнікам, – сказаў Паўлюковіч.

Нагадаем, трэнерскую кар'еру спецыяліст пачаў у 2010 годзе. Завяршыўшы гульнявую кар'еру, Паўлюковіч узначаліў дубль мінскага «Дынама». Праз два гады перабраўся ў галоўную каманду «бела-блакітных», дзе паўтара сезона быў памагатым трэнера.

Наступныя паўтара года Паўлюковіч займаў пасаду генеральнага дырэктара мінчан.

Далей спецыяліст працаваў выключна памочнікам галоўнага трэнера ў «Энергетыку-БДУ», «Крумкачах», мінскім «Тарпеда», «Віцебску» і «Іслачы».