Усе навіны

Штрафы па справе «Шахцёра» склалі 322,6 тысячы долараў

11 траўня 2023, 17:33

11 траўня КДК АБФФ вынес рашэнне па справе «Шахцёра». Разглядалася інфармацыя, што ў ЧБ-2022 кіраўніцтва салігарчан арганізавала дагаворныя матчы і фінансава стымулявала клубы вышэйшай лігі.

Фігуранты справы сумарна былі аштрафаваныя на 814 тысяч беларускіх рублёў (322,6 тысячы долараў).

На 370 тысяч рублёў (146,6 тысячы долараў) быў аштрафаваны «Шахцёр». Таксама клуб пазбаўлены залатых медалёў у ЧБ-2022, 30 ачкоў у ЧБ-2023 і 20 балаў у ЧБ-2024.

Па 74 тысячы рублёў (29,3 тысячы долараў) павінны выплаціць «Энергетык-БДУ» і «Белшына». Мінчане таксама пазбаўленыя сярэбраных медалёў у ЧБ-2022, 20 ачкоў у ЧБ-2023 і 10 балаў у ЧБ-2024. У бабруйчан знялі 10 ачкоў у ЧБ-2023 і 5 балаў у ЧБ-2024.

На 37 тысяч рублёў (14,66 тысячы долараў) кожны аштрафаваныя былы намеснік дырэктара «Шахцёра» па спартыўнай рабоце Уладзімір Нідэргаус, экс-футбаліст «Белшыны» Дзмітрый Гомза і кіраўнік праекта «Энергетыка-БДУ» Анатоль Юрэвіч. Раней з'явілася інфармацыя, што першы павінен быў перадаць другому 20 тысяч долараў за забеспячэнне патрэбнага «Шахцёру» выніку ў матчы клуба з «Белшынай» у 30-м туры ЧБ-2022. Нідэргаус і Гомза прызнаныя персонамі нон грата ў беларускім футболе, Юрэвіч дыскваліфікаваны на пяць гадоў.

Па 18,5 тысячы рублёў (7,3 тысячы долараў) павінны выплаціць экс-дырэктар «Шахцёра» Аляксандр Марчанка і футбаліст брэсцкага «Дынама» Міхаіл Гардзяйчук. Раней паведамлялася, што на Марчанку заведзеная крымінальная справа за нібыта перавышэнне службовых паўнамоцтваў, а Гардзяйчук атрымліваў фінансавую прапанову для сваёй каманды ад Нідэргауса. Марчанка таксама атрымаў дыскваліфікацыю на чатыры гады, Гардзяйчук – на год.

На 14,8 тысячы рублёў (5,87 тысячы долараў) аштрафаваны і на тры гады дыскваліфікаваны тэхнічны дырэктар «Энергетыка-БДУ» Арам Абдаль-Маджыд.

11,1 тысячы рублёў (4,4 тысячы долараў) павінен выплаціць футбаліст «Шахцёра» Мікіта Корзун, які таксама дыскваліфікаваны на год.

Аштрафаваныя і 23 чалавекі, якія прадстаўлялі ў сезоне-2022 «Белшыну». 10 з іх атрымалі штрафы па 7,4 тысячы рублёў (2,9 тысячы долараў) кожны, астатнія 13 – па 3,7 тысячы рублёў (1,47 тысячы долараў). Падрабязны спіс можна паглядзець па спасылцы.

Адзначым, дыскваліфікацыі 23 чалавек з «белшынаўскага» пераліку, а таксама Корзуна і Гардзейчука не будуць прымяняцца ў выпадку выплаты прызначаных сум па 9 чэрвеня.

У кожнага з тых, каму прызначылi пакаранне, ёсць права на абскарджанне на працягу 10 дзён.