Усе навіны

УЕФА можа перанесці фінал ЛЧ са Стамбула ў Лісабон, калі пасля выбараў прэзідэнта ў Турцыі будуць беспарадкі

12 траўня, 11:59

УЕФА правёў з Партугальскай федэрацыяй футбола неафіцыйныя перамовы аб пераносе фіналу Лігі чэмпіёнаў 2022/23 на лісабонскі «Эштадыу да Луж», калі ў Стамбуле ўзнікнуць беспарадкі пасля выбараў прэзідэнта Турцыі, паведамляе Daily Mail.

Фінал ЛЧ павінен прайсці 10 чэрвеня на «Алімпійскім стадыёне Атацюрка», але ва УЕФА ёсць занепакоенасць узнікнення беспарадкаў, калі на прэзідэнцкіх выбарах Турцыі прайграе дзейны кіраўнік дзяржавы Рэджэп Эрдаган.

Першы тур галасавання адбудзецца 14 траўня. На думку аналітыкаў, Эрдаган адстае ад свайго галоўнага апанента Кемаля Кілічдараглу на 5%, таму чакаецца, што 28 траўня паміж імі пройдзе другі тур выбараў.

УЕФА не хоча пераносіць фінал, паколькі ён ужо двойчы пераносіўся са Стамбула праз ковід - у 2020 і 2021 гадах, але, магчыма, будзе вымушана разгледзець гэтую ідэю, паколькі бяспека балельшчыкаў з'яўляецца іх першачарговым клопатам.