Усе навіны

«Ювентус» за два гады пасля вяртання Алегры не выйграў ніводнага трафея

19 траўня, 13:15

Пасля вяртання Масіміліяна Алегры на пасаду трэнера «Ювентуса» каманда за два наступныя сезоны не здолела ўзяць ніводнага трафея.

Учора, 18 траўня, «б'янканеры» вылецелі з Лігі Еўропы на стадыі паўфіналу, саступіўшы «Севілье» (1:1, 1:2 д.в.). Такім чынам, «Ювентус» пазбавіўся шанцаў на атрыманне хаця б аднаго тытула ў гэтым сезоне – раней каманда саступіла «Інтэру» ў 1/2-й фіналу Кубка Італіі (1:1, 0:1), а ў Серыі А чэмпіёнскі тытул за 5 тураў да фінішу аформіў «Напалі».

У сезоне 2021/22 «Ювентусу» пад кіраўніцтвам Масіміліяна Алегры таксама не ўдалося выйграць ніводнага трафея.

Тады турынскі клуб заняў 4-е месца ў Серыі А, прайграў «Інтэру» (2:4) у вырашальным матчы Кубка Італіі, выбыў з Лігі чэмпіёнаў на стадыі 1/8 фіналу ад «Вільярэала» (1:1, 0:3) і прайграў «Інтэру» (1:2) у Суперкубку Італіі.

Алегры ў другі раз узначаліў «Ювентус» у траўні 2021 года. За перыяд першай кадэнцыі італьянца (2014 – 2019) каманда 5 разоў станавілася чэмпіёнам Італіі, 4 разы выйгравала Кубак Італіі і двойчы перамагала ў Суперкубку краіны.