Мікалай Хадасевіч: «Шкурын вярнуўся ў Экстракласу, дзе ў яго першы раз не атрымалася. Гэта паказчык характару»
Журналіст Мікалай Хадасевіч на сваім YouTube-канале «Hodasevich-LIVE» пракаментаваў дэбютны матч беларускага форварда Іллі Шкурына ў чэмпіянаце Польшчы.
– Галоўная падзея мінулых выхадных – дэбют Іллі Шкурына ў польскай Экстракласе. Яго новы клуб «Сталь». Гэта быў першы тур чэмпіянату Польшчы. Ілля Шкурын забівае, а таксама яшчэ аддае. Забівае цудоўна. А потым яшчэ аддае перадачу на вольны прастор, дзе партнёр ужо завяршае таксама добрым ударам у далёкі кут. Так, вядома, «Сталь» не выйграла. Гэты матч завяршыўся лікам 2:2.
Такім чынам, Ілля Шкурын у чэмпіянаце Польшчы. Яго запрашалі ў «Сталь». Запрашаў трэнер, які бачыць якраз яго гульцом асноўнага складу. Гэта нават да дэбюту прыкладаецца так, каб аптымістычна глядзець на ўвогуле гэты год у выкананні беларускага форварда. Я сюды дадам яшчэ адну цаглінку ў гэтых аптымістычных чаканнях.
Іллі Шкурыну патрэбен быў такі год, як гэты быў мінулы, у Ізраілі, няхай у Д2, з тымі забітымі мячамі, з тым статусам лідара, з тымі гульнявымі хвілінамі, з той упэўненасцю, якую ён там набыў. Памятайце, я казаў, што мне хацелася б, каб Ілля Шкурын у гэтым клубе і застаўся, і ў Д1 Ізраіля раскрыўся таксама па поўнай праграме. Але Ілля Шкурын зрабіў свой выбар, яму не хацелася заставацца ў краіне ў гэтай ваенна-палітычнай абстаноўцы, у якой пражывае Ізраіль, і ён вярнуўся туды, дзе ў яго ўпершыню не атрымалася. Гэта, вядома, таксама паказчык характару, па-іншаму ніяк не назаву, я ім захапляюся, таму што хлопец малады, а столькі ўжо праездзіў. У самых розных клубах пабываў і з рознымі цяжкасцямі сустракаўся, але вось ён не здаецца. І ў чэмпіянаце Польшчы пакуль што ў яго атрымліваецца з першага туру. Ён па-ранейшаму належыць ЦСКА, але вось за «Сталлю» мы будзем, вядома, глядзець, як гэтая кар'ера пойдзе, – сказаў Хадасевіч.