Усе навіны

Чэпа пра матч БАТЭ з «Шэрыфам»: «Другі пенальці – узор таго, як нападаючыя спрабуюць увесці ў зман арбітраў»

18 жніўня 2023, 23:55

У чацвер БАТЭ правёў матч у адказ 3-га раўнда кваліфікацыі Лігі Еўропы супраць «Шэрыфа». Сустрэча не выявіла пераможцу (2:2), што прынесла пуцёўку ў наступны круг чэмпіёну Малдовы. Барысаў працягне еўракубкавы шлях у раўндзе плей-оф Лігі канферэнцый, дзе 24 і 31 жніўня сустрэнецца з «Балкані» – дзейным чэмпіёнам Косава.

Абодва мячы ў венгерскім Мезекевешдэ ад «Шэрыфа» барысаўцы прапусцілі ў канцы першага тайма з пенальці. «Трыбуна» разабрала эпізоды, у якіх венгерскі арбітр Тамаш Богнар прыняў рашэнні не на карысць беларусаў, з экс-кіраўніком дэпартамента судзейства і інспектавання судзейства АБФФ Андрэем Чэпам.

«Такі, мякка кажучы, спрэчны пенальці, таму што нападаючы «Шэрыфа» у тым моманце ўжо страціў кантроль над мячом. Ён у канчатковай фазе ледзь-ледзь дакрануўся да мяча правай нагой, і брамнік БАТЭ Вячаслаў Дзергачоў рабіў усё, каб не чапаць суперніка. Галкіпер, бачачы, што не дастае да мяча, нават падняў рукі ўгору і на зямлі застаўся толькі корпус. Нападаючы, бачачы, што больш не можа кантраляваць мяч, які ўжо сыходзіў за лінію варот, адставіў левую нагу і зачапіўся ёю за корпус Дзергачова. Таму тут бачу няправільнае рашэнне арбітра.

Самае дзіўнае, што суддзя звярнуўся па дапамогу да VAR. Па-мойму, гэты 11-метровы трэба паказваць як узор таго, як нападаючыя спрабуюць увесці ў зман арбітраў. У беларускім футболе таксама ёсць такія футбалісты. Ведаю, што, у прыватнасці, Віталь Севасцьянік змагаўся з імі пры дапамозе жоўтых картак. Нават калі недзе можна было высмактаць 11-метровы, ён усё роўна караў, бо такія нападаючыя адпрацоўваюць усе гэтыя рухі. Гэты момант з Дзергачовым паказальны. Для мяне гэта абсалютна няправільнае рашэнне. Можа, ёсць нейкае меркаванне ў заўзятараў з Малдовы ці венгерскіх арбітраў. Неабходна было проста працягваць гуляць. Без жоўтай карткі [нападаючаму]. Магчыма, нейкі кантакт усё ж такі быў.

У нас рэкамендацыі арбітрам такія: калі быў кантакт паміж брамнікам і нападаючым (але яго недастаткова для прызначэння 11-метровага ўдару), і арбітр бачыць, што палявы гулец спрабуе ўвесці яго ў зман, рэферы ўсё ж такі павінен пазбягаць прадʼяўлення жоўтай карткі», – сказаў Чэпа.