Міхаіл Залеўскі:«Беларусы як нацыя мусяць вызначыцца, што мы найперш патрэбныя толькі самі сабе»
Экс-генеральны дырэктар БАТЭ Міхаіл Залеўскі распавёў, як разам з БФСС падаў пазоў ва УЕФА супраць АБФФ.
«У беларускім футболе на той момант рэпрэсіі не сціхалі з 2020-га. Былі канкрэтныя кейсы дыскрымінацыі: напрыклад, футбалістаў, якія выказалі сваю пазіцыю, не бралі ў зборную, ім не прадаўжалі кантрактаў у клубах і забаранялі трэніравацца, звальнялі функцыянераў, забаранялі працаваць арбітрам. Здаўна ў беларускім футболе былі праблемы з карупцыяй, дамоўнымі матчамі. Там выбудавана строгая вертыкаль, якая супярэчыць не толькі Алімпійскай хартыі, але і ўсім устаўным дакументам УЕФА і ФІФА. У беларускай футбольнай федэрацыі, як і ў самой краіне, не бывае выбараў кіраўніка.
Мы спрабавалі данесці да еўрапейцаў, што дзве-тры дамоўныя гульні ў Беларусі – гэта кропля ў моры. Уся сістэма наскрозь заганная, яна падпарадкаваная вертыкалі, там кіруе карупцыя і лаяльнасць да Лукашэнкі.
Перад намі на той момант стаяла прынцыповая задача ісці да канца, бо за гэтым стаяць людзі, іх кар’еры. Мусілі пазмагацца за кожнага чалавека і за ўсіх тых, пра каго не сказана ў кейсе, але хто знаходзіцца ў беларускім футболе і трапіў пад такія ж рэпрэсіі. Цяпер тая сістэма працуе зусім без абмежаванняў, ні на што не звяртае ўвагі.
Вырашылі пайсці ў CAS, але гэта дарагая рэч, трэба было знайсці спонсараў і партнёраў, каб заплаціць унёскі і пачаць судовыя працэдуры. Мы вырашылі гэтую задачу. CAS разгледзеў нашу справу, мы больш за год чакалі рашэння. Асобная гісторыя – як праходзіла само пасяджэнне: яно цягнулася шэсць гадзін, там было два адвакаты ад УЕФА супраць нас, якіх не ведалі ні ва УЕФА, ні ў Еўропе, Давід супраць Галіяфа.
Нам здаецца, што ўсе заклапочаныя нашай справай, але насамрэч усё гэта круціцца ўнутры беларускага асяроддзя. У Англіі нікога мы не хвалюем, у Германіі ніхто не ведае пра існаванне фонду. Для іх мы проста група энтузіястаў, якія хочуць нешта даказаць»
Дапамагаць будуць толькі тым, хто дапамагае сам сабе. Таму і беларусы як нацыя мусяць для сябе сфармуляваць, што мы ў першую чаргу патрэбныя толькі самі сабе», – сказаў Залеўскі.