Вадзім Скрыпчанка: «Заслужаная перамога мінскага «Дынама» над «Нафтанам», якая не выклікае сумненняў ні ў балельшчыкаў, ні ў спецыялістаў»
Галоўны трэнер мінскага «Дынама» Вадзім Скрыпчанка падвёў вынікі пераможнай гульні з «Нафтанам» у 20-м туры чэмпіянату Беларусі (3:0).
– Лічу, заслужаная перамога маёй каманды. Мы забілі добрыя галы, мелі яшчэ дастаткова шмат галявых сітуацый, каб павялічыць перавагу. У цэлым план на гульню мы выбралі, выключна адштурхваючыся ад сваіх дзеянняў. Многае атрымлівалася, таму ёсць задавальненне ад дзеянняў хлопцаў на працягу ўсяго матча.
Былі гатовыя да таго, што супернік згуляе ў чатыры абаронцы – з двума цэнтральнымі і двума флангавымі. Але атрымалася так, што яны абралі тактыку з трыма цэнтральнымі абаронцамі. Але нават у гэтым выпадку мы не адчулі вялікіх праблем, таму што наш атакуючы патэнцыял быў вельмі эфектыўны і хлопцы былі настроены ствараць галявыя сітуацыі і забіваць.
Зразумела, што перамога не выклікае сумненняў – ні ў балельшчыкаў, ні ў спецыялістаў. Але гэта ўжо гісторыя, будзем рыхтавацца да наступнай гульні.
– Пасля свайго гола Глеб Жэрдзеў падбег да лаўкі. Вы з ім размаўлялі. Пра што, калі не сакрэт?
– Сказаў Жэрдзеву ў перапынку, што ў першым тайме яго не было відаць на футбольным полі. Слабавата выглядаў, не было актыўнасці. Пажадаў яму дадаць у другім тайме, бо ведаю, што Глеб валодае добрым атакуючым патэнцыялам. Ён крэатыўны, умее выконваць удары, забіваць галы. Мусіць, матывацыйная порцыя канструктыўнай крытыкі паўплывала на яго ў добры бок. Ён выйшаў і забіў важны мяч для каманды. Ну а далей было зразумела, што трэба даць перадышку і выпусціць свежых рабят, каб давесці справу да лагічнага завяршэння.
– Пасля гэтага тура гульцы «Дынама» з'яжджаюць у зборныя. Вы размаўлялі з новым галоўным трэнерам беларускай нацыянальнай каманды Карласам Алосам?
– Не, я не знаёмы з ім, не меў зносіны. Але ведаю, што дастаткова шмат нашых хлопцаў едуць і ў нацыянальную, і ў маладзёжную зборныя. Павіншаваў іх з перамогай і пажадаў удачы, – сказаў Скрыпчанка.
