Экс-галоўрэд «Нашай Нівы» Марціновіч: «У турме думаў, што Шкурын завяршыў кар'еру, бо «Прэсбол» пра яго не згадваў»
Экс-галоўрэд «Нашай Нiвы» Ягор Марціновіч распавёў, як за кратамі даведваўся пра спартовыя навіны.
«Два гады я быў найадданейшым чытачом папяровага «Прэсбола». Канечне, даведвацца ў аўторак вынікі чацвярговых матчаў – гэта фармат мінулага стагоддзя, але ў турме альтэрнатывы няма. Плюешся, абураешся, але чакаеш кожны наступны нумар. А пасля цябе яшчэ 10 чалавек стаяць у чарзе – дай пачытаць. Адзін раз мне даслалі ў якасці альтэрнатывы «Спартыўную панараму» – а-а-а, ка-та-стро-фа! На старонку распісаны прыезд дэлегацыі Узбекістана… Пасля гэтага я палюбіў «Прэсбол» яшчэ мацней.
Пра некаторыя тэмы «Прэсбол» не пісаў увогуле, кшталту пра чорны спіс футбалістаў, якія падтрымалі беларусаў у 2020-м. Яно згадвалася ў фармаце «тыя і тыя не гуляюць па вядомых прычынах». Э-э, каму «вядомых»? Чытачам папяровага «Прэсбола» прычыны ні халеры не вядомыя! Ну ладна, можам і здагадацца, што нешта палітычнае.
Але самае вялікае кідалава выйшла якраз з Іллём Шкурыным – тым самым футбалістам, які адмовіўся гуляць за зборную Беларусі, пакуль ва ўладзе Лукашэнка. «Прэсбол» пра яго проста не згадваў. Усё, чалавека няма, як на савецкіх фотаздымках, адкуль выразалі ворагаў народу. Ну і я шчыра лічыў, што Шкурын ужо амаль скончыў кар’еру, можа, хіба што дагульвае на нейкім аматарскім узроўні. І тут раптам даведваюся, што Шкурын сярод найлепшых снайпераў чэмпіяната Польшчы! Здаецца, самы паспяховы беларускі легіянер на гэты момант. Выснова? Нельга залежаць ад адной крыніцы інфармацыі», – напісаў Марціновіч.
Нагадаем, Марціновіч быў кінуты за краты рэжымам Лукашэнкі 8 ліпеня 2021 года, прызнаны палітвязнем. Па надуманым «абвінавачванні» ў «нанясенні шкоды» рэжымным структурам быў адпраўлены «судом» Лукашэнка ў калонію на 2,5 гады. 18 жніўня 2023 года «тэрмін» Марціновіча скончыўся, і журналіста выпусцілі на волю.