Чафярын пра допуск расійскіх каманд U-17 да міжнародных стартаў: «Забараняючы дзецям удзельнічаць у спаборніцтвах, мы дыскрымінуем іх»
Кіраўнік УЕФА Аляксандзер Чафярын пракаментаваў рашэнне вярнуць да міжнародных стартаў расійскія каманды U-17.
«Актуальная дыскваліфікацыя УЕФА ў дачыненні да расійскіх дарослых каманд адлюстроўвае яго імкненне заняць пазіцыю супраць гвалту і агрэсіі. УЕФА мае цвёрды намер прытрымлівацца гэтай пазіцыі да таго часу, пакуль не скончыцца вайна і не будзе адноўлены мір.
Аднак, забараняючы дзецям удзельнічаць у нашых спаборніцтвах, мы не толькі не прызнаем і не падтрымліваем фундаментальнае права на іх усебаковае развіццё, але і наўпрост дыскрымінуем іх.
Даючы дзецям магчымасць гуляць і спаборнічаць са сваімі аднагодкамі з усёй Еўропы, мы спадзяемся, што інвестуем у больш яскравае і здольнае будучае пакаленне і лепшы заўтрашні дзень», – сказаў Чафярын.
Нагадаем, што шматлiкія беларускія і расійскія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.
На днях кіраўнік УЕФА Аляксандзер Чафярын даў вялікае інтэрв’ю аб развіцці футбола, у прыватнасці, сказаў, што «Расія будзе адхілена да канца вайны».