Кампані прапануе абмежаваць колькасць матчаў, якія футбаліст можа згуляць за сезон
Галоўны трэнер «Бернлі» Венсан Кампані прапануе ўсталяваць фіксаваную колькасць матчаў, якую футбаліст можа згуляць за сезон. «Гульцам топавага ўзроўню, якім даводзіцца гуляць за свае зборныя і паралельна ўдзельнічаць у іншых спаборніцтвах, трэба абмежаваць колькасць матчаў на працягу сезона. Усталюйце лічбу. Не мне гэта рабіць, але няхай гэта будзе 60 ці 65 гульняў. Ім усё яшчэ давядзецца цяжка працаваць, не зразумейце мяне няправільна, але 60 гульняў адымаюць менш сіл. У АПЛ вялікую колькасць гульцоў атрымліваюць вельмі мала адпачынку пасля матчаў зборных. Я сапраўды веру ў разумны сэнс. Не трэба, умоўна, пазбаўляць гульцоў фіналаў або важных гульняў, але калі будзе прынята рашэнне, што згуляць больш за 65 гульняў - гэта не ёсць добра для арганізма, то гэта і павінна стаць лімітам. Калі гульцу трэба будзе адпачыць - ён гэта зробіць. Склад становіцца больш, гульцы атрымліваюць больш гульнявога часу, усе задаволеныя», - сказаў Кампані. Крыніца адзначае, што ў мінулым сезоне ніхто не згуляў больш матчаў за клуб і зборную, чым Бруну Фернандэш - 70. Яшчэ трынаццаць гульцоў згулялі 65+ матчаў, 55 гульцоў - 60+, 110 гульцоў - не менш за 57.