Аляксей Бага: «Ігнатовіч і Корзун – лідары не толькі «Шахцёра», але і зборнай»
Галоўны трэнер «Шахцёра» Аляксей Бага падзяліўся чаканнямі ад спарынгу зборнай клубаў вышэйшай лігі супраць «Урала», а таксама пракаментаваў матч нацыянальнай каманды супраць Румыніі (0:0).
– Аляксей Анатольевіч, наколькі цікавы беларускім футбалістам вопыт вось такой таварыскай гульні супраць прадстаўніка Расійскай Прэм'ер-лігі, у дадзеным выпадку «Урала» Віктара Ганчарэнкі?
– Думаю, цікавы і трэнерам, і заўзятарам, і футбалістам. Па-першае, супаставіць сябе з узроўнем каманды Прэмʼер-Лігі. Па-другое, прыязджае трэнерскі штаб беларускі, які вельмі многае зрабіў для развіцця нашага футбола. Па-трэцяе, для кожнага нашага футбаліста згуляць міжнародную гульню (а так можна сказаць!), з добрым супернікам на добрым стадыёне – гэта заўсёды плюс, таму што мы цяпер не маем груп еўрапейскіх турніраў. Гэта добры вопыт і для Дзмітрыя Васільевіча Молаша, і для хлопчыкаў і дзяўчынак, і для балельшчыкаў. Па-чацвёртае, выбраны добры час: ёсць акно паміж матчамі чэмпіянату. Хто не задзейнічаны ў нацыянальнай і маладзёжнай зборнай, па 2-3 чалавекі ад клуба згуляюць з «Уралам». Гэта добрая ідэя, добрая дзвіжуха, што называецца...
Што тычыцца гульні зборнай супраць Румыніі, то вылучаю ўсю каманду, відаць было, што хлопцы аддаваліся на 150%, яны выдатна згулялі, хацелі дамагчыся перамогі, але як ёсць. Таксама вылучу Ігнатовіча і Корзуна. Лічу, яны лідары не толькі Шахцёра, але і зборнай сёння. Выглядаюць хлопцы выдатна, ці застануцца яны ў Салігорску на наступны год, не ведаю – пакажа жыццё, – сказаў Бага.