Ягор Зубовіч: «Нёман» жыве гэтым фантастычным сезонам, кожнай гульнёй, кожнай трэніроўкай»
Нападаючы «Нёмана» Ягор Зубовіч распавёў пра настрой каманды на фініш сезона.
– Каманда гарантавала сабе срэбраныя медалі чэмпіянату, але яшчэ ёсць магчымасць пазмагацца з «Дынама». У адным з інтэрв'ю ты абяцаў «біцца да апошняга патрона». Патроны яшчэ засталіся?
– Вядома, засталіся. Спадзяемся на Брэст. Хлопцы там моцныя, заўзятары будуць гнаць іх наперад. Верым, што шанцы будуць да апошняга туру.
– Сілы яшчэ ёсць?
– На здзіўленне, добра сябе адчуваю. З досведам прасцей гуляць. Не робіш лішняй працы, не бегаеш там, дзе не трэба. Таму ўсё нармальна. Галоўнае сябе правільна рыхтаваць.
– У камандзе сабраныя вопытныя хлопцы, але пры гэтым толькі нямногія футбалісты змагаліся за чэмпіёнства.
– Ды не, усё нармальна. У нас у камандзе здаровая атмасфера, вельмі класная і па футбольных адчуваннях і па чыста чалавечых. У нас чэмпіёнам толькі Паша Савіцкі быў. Ёсць некалькі прызёраў, шмат хто гуляў на Кубак. Але мы жывем ідэяй. Жывем гэтым класным, фантастычным сезонам, кожнай гульнёй, кожнай трэніроўкай, – распавёў Зубовіч.