Усе навіны

Руслан Цевераў: «У стыках «Віцебск» хацеў гуляць з «Белшынай», «Энергетык-БДУ» быў лепш гатовы»

13 снежня 2023, 14:26

Гулец «Віцебска» Руслан Цевераў падзяліўся меркаваннем пра вынікі сезона для клуба.

– Чым перш за ўсё запомніцца фініш сезона разам з пераходнымі матчамі?

– У першую чаргу – вар'яцкім настроем галоўнага трэнера Аляксандра Паўлава і яго верай у добры зыход. Ён не даваў нам расслабіцца. Калі ў канцы сезона трэніроўкі, як правіла, больш носяць эмацыйны, расслабляльны характар, то мы ўвесь час трымалі ў розуме, што адразу сезон можа не скончыцца. Спадабалася, што ўсе хлопцы былі максімальна сканцэнтраванымі і выкладаліся да апошняга занятку. Скажу шчыра: такіх складаных трэніровак у канцы сезону ў мяне ў карʼеры яшчэ не было.

– Ці згодныя, што «Віцебск» сам загнаў сябе ў сітуацыю з пераходнымі матчамі?

– У першай палове сезона мяне ў камандзе не было, але, па расказах, можна зрабіць выснову, што ў хлопцаў спачатку прысутнічала недаацэнка супернікаў. Адсюль і шмат страчаных ачкоў на старце. Насамрэч ва ўсіх матчах было няпроста, асабліва ў гасцявых. А потым зразумелі, што да чаго, і ўспомніце, якую серыю без параз выдала каманда. Вось і ўвесь адказ.

– За фінішам чэмпіянату ў вышэйшай лізе сачылі? Былі перавагі, з кім згуляць у пераходных матчах?

– Сачылі. І хацелі гуляць з «Белшынай». Не ведаю чаму, але ў нас да апошняга была ўпэўненасць, што сустрэнемся з бабруйчанамі. А «Энергетык-БДУ» не вельмі хацелі, таму што ён, як нам здаецца, мацней. Фізічна і тактычна «студэнты» гатовы лепш. Зноў жа з-за падабенства стыляў гульні не хацелася перасякацца з мінчанамі, – сказаў Цевераў.