Усе навіны

Футбаліст ЧБ: «Зборы за мяжой – суцэльныя плюсы: палі, харчаванне, аднаўленне. У Беларусі сінтэтыка б'е па здароўі»

8 лютага 2024, 20:52

Футбаліст вышэйшай лігі расказаў пра сваё стаўленне да спарынгаў з замежнымі камандамі.

– Па сабе магу сказаць, што, калі былі замежныя зборы, спарынгі з замежнымі камандамі, гэта заўсёды ішло на карысць нашаму футболу і гульцам у прыватнасці. Правяраеш свае сілы на фоне моцных супернікаў. Плюс ёсць магчымасць паказаць сябе – раптам спадабаешся нейкай камандзе, цябе запросяць. Гэта таксама матывуе на больш руплівую працу, ты імкнешся паказаць усё найлепшае, на што здольны.

Мы ездзілі ў Турцыю і гулялі там з еўрапейскімі камандамі, якія ўвесь час удзельнічаюць у еўракубках. Разумееш узровень супраціву, які чакае цябе на еўрапейскай арэне, будзеш гатовы да новых хуткасцяў – не тым, што ўвесь час адчуваеш у ЧБ. Так што спарынгі гэтыя адназначна патрэбны. Ды і самі зборы за мяжой – гэта суцэльныя плюсы. Умовы падрыхтоўкі, палі, харчаванне, аднаўленне. Сінтэтыка [газонаў пры падрыхтоўцы ў Беларусі] б'е па здароўі, баляць мышцы, вылазяць балячкі. За мяжой усё больш камфортна і бяспечна для здароўя.

– Калі на замежных зборах беларускія каманды «возяць», усё роўна з гэтага можна атрымаць плюс?

– Вядома. Калі ты не можаш перайсці цэнтр поля, значыць, трэба ўключаць маральна-валявыя якасці. Недзе дабегчы, дацярпець. І гэта ў любым выпадку рост, нават калі ты безнадзейна прайграваеш – вучышся гуляць праз «не магу», а гэта ў будучыні абавязкова спатрэбіцца.

Я ад спарынгаў з замежнымі камандамі, замежных збораў бачу толькі плюсы. Мінус, напэўна, адзін – няма магчымасці сустрэцца з сямʼёй, але расстанне можна перацярпець, – сказаў футбаліст.

Tribuna.com публікуе каментарыі спікераў, якія знаходзяцца ў Беларусі, ананімна для іх бяспекі.