Усе навіны

Мікалай Януш: «Беларуская мова – гэта тое, што нас адрознівае. Мы ж не рускія людзі»

Былы форвард зборнай Беларусі, а цяпер галоўны трэнер «Партызана» (Д3) Мікалай Януш расказаў пра стаўленне да беларускай мовы.

– Свой інстаграм вы ведзяце на беларускай мове.

– Так, абавязкова.

– Што гэта за любоў да роднай мовы? Нямногія, хто можа размаўляць на беларускай мове, можа весці сацыяльныя сеткі на ёй.

– Наадварот: тыя, хто вядзе сацсеткі, могуць не размаўляць па-беларуску. Я крыху магу размаўляць. Раблю памылкі. Але гэта была такая тэма, каб мы звярнулі ўвагу на тое, што мы беларусы.

Магу доўга расказваць пра тое, хто такія палешукі. Гэта іншыя людзі. Я лічу сябе палешуком. З легіянерамі спрабаваў некалькі слоў данесці па-беларуску. Заўсёды [экс-форварду «Іслачы»] Мамо Янсанэ кажу: «Гавары «дзякуй». Неяк размаўляў ён з Рахманавым і ў канцы сказаў «Дзякуй». А ён адразу: «Ага, цябе, напэўна, Януш навучыў». Цяпер на трэніроўках магу некалькі слоў сказаць, але не ўсе разумеюць.

У кожнага ўнутры сваё светаадчуванне. У мяне светаадчуванне такое. Я папрацаваў з легіянерамі, замежнікамі. Хачу сказаць, што мы беларусы вельмі добрыя, працавітыя, ціхія людзі. Гэта таксама добра, але мова – гэта тое, што нас адрознівае. Мы ж не рускія людзі. Так, зараз мы ўсе гаворым па-руску, няма ніякіх праблем. Мусіць, так склалася гістарычна. Мы з вамі не можам на гэта паўплываць. Але нейкую ўвагу на гэта звярнуць можам. Толькі з такога пункту гледжання [вяду інстаграм па-беларуску]. Гэта маё асабістае светаадчуванне, – сказаў Януш.