Альвара Марата стаў 3-м найлепшым бамбардзірам у гісторыі Еўра – забіў 7 мячоў за 3 турніры.
Форвард зборнай Іспаніі Альвара Марата, які вызначыўся голам у матчы 1-га тура Еўра-2024 супраць зборнай Харватыі, узняўся на 3-е месца ў спісе найлепшых бамбардзіраў у гісторыі чэмпіянатаў Еўропы.
31-гадовы іспанскі футбаліст вызначыўся 7-м забітым мячом за зборную Іспаніі на Еўра.
3 галы Марата аформіў на Еўра-2016, якое праходзіла ў Францыі, а яшчэ 3 гулец забіў на Еўра-2020, якое праходзіла ў 2021 годзе з-за пандэміі каранавіруса.
Лідарам гэтага рэйтынгу з'яўляецца форвард зборнай Партугаліі Крышціяну Раналду. У яго актыве 14 забітых мячоў, пачынаючы з Еўра-2004. 39-гадовы Раналду патрапіў у заяўку зборнай на Еўра-2024.
На другім месцы з 9 забітымі мячамі былы гулец зборнай Францыі Мішэль Плаціні.
Разам з Маратай 3-е месца ў гэтым спісе падзяляе Антуан Грызман, які мае магчымасць палепшыць свой вынік на гэтым турніры ў матчах зборнай Францыі, і былы форвард зборнай Англіі Алан Шырэр. У іх актыве таксама 7 забітых мячоў у фінальнай стадыі Еўра.
Найлепшыя бамбардзіры ў гісторыі Еўра:
1. Крышціяну Раналду (Партугалія) – 14 галоў
2. Мішэль Плаціні (Францыя) – 9
3. Альвара Марата (Іспанія) – 7
3. Антуан Грызман (Францыя) – 7
3. Алан Шырэр (Англія) – 7