Кіліян Мбапэ: «Мы бачылі вынікі першага тура парламенцкіх выбараў у Францыі – яны катастрафічныя»
Форвард зборнай Францыі Кіліян Мбапэ напярэдадні матча 1/4 фіналу Еўра-2024 супраць Партугаліі пракаментаваў вынікі першага тура парламенцкіх выбараў.
«Мы не можам пакінуць нашу краіну ў руках гэтых людзей, гэта сапраўды тэрмінова. Мы бачылі вынікі першага тура – яны катастрафічныя. Мы вельмі спадзяемся, што ўсё зменіцца і ўсё збяруцца разам, каб прагаласаваць, і прагаласуюць за правільны бок», – сказаў Мбапэ.
Крыху пазней на прэс-канферэнцыі Себасцьян Тарага, журналіст L'Équipe, збіраўся задаць пытанне футбалісту, знаходзячыся з левага боку залы.
«Я тут, крайні левы» – сказаў журналіст, каб зарыентаваць гульца.
«Добра, што вы не з іншага боку», – адказаў Мбапэ.
Ультраправая партыя «Нацыянальнае абʼяднанне» Марын Ле Пэн заняла першае месца ў першым туры парламенцкіх выбараў у Францыі з вынікам 33,15% галасоў.
Другое месца з 27,99% атрымаў «Новы народны фронт», які абʼядноўвае левыя партыі. А абʼяднанне партый прэзідэнта Эмануэля Макрона «Адраджэнне» і саюзнікаў «МоДэм» і «Гарызонты» атрымалі 20,76% галасоў – трэцяе месца. Рэспубліканцы – чацвёртыя з 10,23% галасоў.
Другі тур адбудзецца 7 ліпеня.
Матч Партугалія – Францыя адбудзецца 5 ліпеня, пачатак у 22.00.