Усе навіны

Юліян Нагельсман: «Зборнай Германіі будзе не хапаць Ноера»

22 жніўня 2024, 14:40

Галоўны трэнер зборнай Германіі Юліян Нагельсман пракаментаваў завяршэнне выступаў за каманду галкіпера «Баварыі» Мануэля Ноера.

«Хоць я і магу зразумець рашэнне Мануэля, яго матывы, але яго сыход – гэта вялікая страта як са спартыўнага, так і з чалавечага боку.

Мануэль сфарміраваў варатарскі стыль, як ніхто іншы ў гісторыі футбола. Дзякуючы сваім сэйвам, адбітым мячам, яго гульні і харызме, ён быў больш, чым проста гульцом нацыянальнай зборнай на працягу амаль паўтара дзесяцігоддзяў. Яго навыкі былі вырашальным фактарам ва ўяўленні пра тое, як мы хочам гуляць у футбол.

Мануэль быў і застаецца выдатным спартсменам і выдатным, добрым чалавекам. Я часта з радасцю шукаў дыялогу з ім, і я радуюся, што змагу працягваць гэта рабіць у будучыні. Нам будзе не хапаць Мануэля ў нацыянальнай зборнай», – сказаў Нагельсман.

Нагадаем, 21 жніўня 38-гадовы нямецкі галкіпер аб'явіў пра завяршэнне кар'еры футбаліста ў зборнай Германіі.

Свой дэбютны матч за нямецкую каманду Ноер згуляў у чэрвені 2009 года ў таварыскім матчы супраць зборнай ААЭ (7:2).

З тых часоў ён правёў 120 матчаў (32 – на нуль), у якіх прапусціў 75 мячоў.

Быў удзельнікам ЧС-2010, ЧЕ-2012, ЧС-2014, ЧЕ-2016, ЧС-2018, ЧЕ-2020, ЧС-2022 і ЧЕ-2024. На ЧС-2014 ён стаў чэмпіёнам разам з камандай Германіі.

Юліян Нагельсман раней працаваў з галкіперам у «Баварыі», калі ўзначальваў каманду з ліпеня 2021 па сакавік 2023 года.