Усе навіны

Мікалай Шарснёў: «Нам важна атрымаць згуляную зборную Беларусі U-15. Няма сістэмы – у нас чэмпіянат толькі з 14 гадоў»

23 жніўня 2024, 17:40

Кіраўнік АБФФ Мікалай Шарснёў расказаў аб стварэнні новай сістэмы падрыхтоўкі юных футбалістаў.

– Давайце звернемся да арганізацыі чэмпіянату для больш старэйшых рабят. Калі раней праводзіліся рэгулярныя спаборніцтвы для юнакоў з 14 гадоў, то зараз узроставая планка паніжана да 11. Чаму?

– У нас выпадаў значны перыяд падрыхтоўкі футбалістаў і спаборніцкай практыкі. У футбольных краінах сістэма даўно наладжана і дакладна працуе. У Беларусі, нажаль, яе няма. З наступнага года ФІФА будзе штогод праводзіць чэмпіянат свету сярод юнакоў і дзяўчат да 17 гадоў. І мы разумеем, што падрыхтаваць канкурэнтаздольныя каманды за год-два немагчыма, бо ў нас чэмпіянат праводзіцца толькі з чатырнаццаці год.

Таму ў федэрацыі і ствараецца сістэма, каб паслядоўна пабудаваць падрыхтоўку юных футбалістаў ад самага ранняга ўзросту да фарміравання каманды для ўдзелу ў адборачных турнірах чэмпіянату свету.

Таксама нам важна да пятнаццаці гадоў атрымаць згуляную зборную U-15. Штогод пад патранажам УЕФА мы праводзім міні-турнір з удзелам каманд розных краін. Напрыклад, летась сабралі хлопцаў толькі ў верасні. І аб'ядналі іх у зборную. Хлопцы правялі літаральна дзве-тры трэніроўкі, і яны павінны былі гуляць міжнародны матч, абараняючы гонар краіны.

Сустракаюцца яны, напрыклад, з камандай Расіі. Мы бачым, што супернік па ўсіх параметрах мацнейшы. Чаму? Аказваецца, хлопцы там выступаюць разам з дванаццаці гадоў пад кіраўніцтвам аднаго і таго ж галоўнага трэнера. Дагнаць і апярэдзіць іх? Павялічыць аб'ём трэніровак, больш якасна падаваць матэрыял? Але ж і сапернікі не стаяць на месцы. І мы не сямі пядзяў у ілбе, каб нейкім чынам нагнаць гэтыя тры гады. Разумеем, што своечасова не прынялі правільныя рашэнні па выбудоўванні сістэмы падрыхтоўкі футбалістаў.

Таму сёння вяртаемся да таго, што было ўпушчана гадамі раней, хочам пабудаваць сістэму і даць магчымасць дзецям развівацца. А мы, у сваю чаргу, будзем бачыць найлепшых хлопцаў і на пачатковых этапах запрашаць іх у зборную, дзе забяспечым гульнявой практыкай, – сказаў Шарснёў.