Усе навіны

Цапянкоў пра 2:1 з брэсцкім «Дынама»: «Гэта быў прынцыповы супернік, таму настрой на гульню быў баявы»

5 кастрычніка 2024, 09:22

Хаўбек «Слуцка» Кірыл Цапянкоў пракаментаваў матч з брэсцкім «Дынама» (2:1) у 24-м туры ЧБ.

Нагадаем, на гэтай сустрэчы футбаліст вызначыўся дублем. Ён забіў мяч на 21-й і 41-й хвілінах.

– Кірыл, для вас гэта быў асаблівы матч. «Дынама-Брэст» – гэта ваша былая каманда. Па-асабліваму настройваліся на сённяшняе супрацьстаянне з «бела-блакітнымі»?

– Так, гэта быў прынцыповы супернік, не без гэтага. Таму настрой на гульню быў баявы. Вельмі, рады, што выйгралі сёння.

– Раскажыце пра сваё эфектнае святкаванне галоў. Пасля другога ўзяцця варот вашыя аднаклубнікі паднялі вас на рукі нібы караля.

– Не ведаю. Вырашыў паспрабаваць у Брэсце нешта новае. Звычайна абыходжуся без святкаванняў. Падумаў, што калі заб'ю ў сённяшнім матчы, то паспрабую нешта новенькае.

– Вы па-сапраўднаму раскрыліся ў «Слуцку». Статыстыка Кірыла Цапянкова пасля пераходу з «Дынама-Брэст» у «цукровай» камандзе – восем галоў і пяць асістаў ва ўсіх турнірах. Адчуваеце, што гэта ваш клуб?

– На дадзены момант, як вы бачыце, усё добра атрымліваецца і ў каманды, і ў мяне. Цяпер усё супер.

– Што ставіце ў прыярытэце: асабістыя дасягненні або камандныя? «Слуцк» не прайграе ва ўсіх турнірах ужо на працягу 13 матчаў.

– І тое, і тое можна сумяшчаць. Без добрай гульні каманды асабістага поспеху не атрымаецца, – сказаў Цапенкаў.