Форвард «Вольфсбурга» Берэнс папрасіў прабачэння за тое, што адмовіўся падпісваць форму з вясёлкавымі элементамі і назваў яе «гейскім лайном»
Нападаючы «Вольфсбурга» Кевін Берэнс папрасіў прабачэння за свае паводзіны на ўнутранай аўтографсесіі, паведамляе Sport Bild.
У верасні 33-гадовы немец адмовіўся падпісваць адмысловую футболку, якой клуб дэманстраваў сваю падтрымку разнастайнасці і талерантнасці. На ёй лагатып клуба, тытульнага фундатара і нумар быў выкананы ў вясёлкавых колерах.
Адмаўляючыся, Берэнс сказаў: «Я не падпішу гэта гейскае лайно». Пра гэта стала вядома кіраўніцтву клуба. Футбалісту прыйшлося тлумачыць свае паводзіны спартоваму дырэктару Себасцьяну Шындцэлерцу. Ён запэўніў, што не адчувае непрыязнасці да геяў.
Пазней форвард папрасіў прабачэння за свае словы. «Мой спантанны каментар быў зусім ненармальным. Я хацеў бы папрасіць прабачэння за гэта. Гэты выпадак быў выразна абмеркаваны ўнутры клуба, і я прашу вас паставіцца з разуменнем да таго, што я не хачу каментаваць гэта ў далейшым», - сказаў ён.
Клуб у сваю чаргу заявіў, што словы Берэнса не адпавядаюць пазіцыі клуба, які выступае за разнастайнасць і талерантнасць.