Сяргей Карповіч: «Мы не хацелі саступаць Паўночнай Ірландыі, думкі ўсёй каманды былі выключна пра перамогу»
Абаронца «Нёмана» і зборнай Беларусі Сяргей Карповіч пракаментаваў вынікі матчу з Паўночнай Ірландыяй (0:0).
– Пракаментуй, калі ласка, мінулы матч.
– Цяжкая гульня. Паўночная Ірландыя паказала сябе, як моцная каманда, сур'ёзны супернік. Мы не хацелі саступаць, думкі ўсёй каманды былі выключна пра перамогу. Але матч, як бачыце, у выніку завяршыўся нічыйным вынікам.
– Як ацэньваеш шанцы зборнай Беларусі на выхад з групы, бо барацьба ідзе вельмі шчыльная?
– Гэта футбол, шанцы ёсць у кожнага. У цэлым, усе каманды ў нашай падгрупе прыкладна роўныя па сваіх сілах. Не хацелася б даваць прагнозаў, бо, як я ўжо сказаў, – гэта футбол, усе змагаюцца і хочуць прайсці далей. Зразумела, выхад у наступную стадыю з'яўляецца і нашай мэтай.
– Якога суперніка ў групе ты лічыш найбольш моцным?
– Мы ніколі не дзелім супернікаў на лёгкіх і простых. Да кожнай гульні мы рыхтуемся аднолькава сур'ёзна і наладжваемся перад кожнай гульнёй. Незалежна ад таго, з кім мы гуляем, выкладвацца трэба на ўсе сто, – сказаў Карповіч.