Аўтар «Прэсбола» Лабандыеўскі пра пройгрыш Беларусі U-21 Фарэрам: «Там нават падлеткі ў добрай спартыўнай форме – інакш у такіх суровых месцах не выжыць»
Аўтар «Прэсбола» Канстанцін Лабандыеўскі пракаментаваў пройгрыш Беларусі U-21 Фарэрскім астравам (0:1) у кваліфікацыі да Еўра-2025.
«Канешне, гэта былі розныя матчы. За год з невялікім у нашай камандзе змянілася практычна ўсё. У верасні 2023-га мы песцілі вялікія надзеі на які здаваўся вельмі перспектыўным склад. Лапавухаў, Рылач, Касараб, Ложкін, Чарняк, Зіновіч, Шуманскі, Баркоўскі... Гэтыя хлопцы лічыліся вялікімі талентамі, здольнымі на шматлікае. Аднак ужо да 59-й хвіліны беларусы «гарэлі» 0:3 і толькі пад канец скарацілі розніцу да 2:3.
Цяпер зусім іншая гісторыя. Новы галоўны трэнер – Сяргей Яромка, які змяніў Сяргея Ясінскага. У стартавым складзе выйшаў толькі адзін з удзельнікаў той сустрэчы – капітан Данііл Душэўскі. У цэлым жа каманда будуецца ўжо з разлікам на новы адборачны цыкл, і амаль усе футбалісты не старэйшыя за 2004-05 гадоў нараджэння. У такім узросце год-два розніцы даволі адчувальныя – і не выпадкова нядаўні спарынг мы прайгралі славакам з лікам 1:6. Таму тыя, хто збіраўся закідваць астраўлянінаў шапкамі, выглядалі крыху адарванымі ад рэалій.
Для параўнання: у Фарэр у аснове выйшлі дзевяць з адзінаццаці гульцоў стартавага складу леташняга матча. Гэта значыць беларусам супрацьстаяла дасведчаная, згуляная каманда. Не кажучы ўжо пра тое, што больш дарослая. І хоць насельніцтва Фарэр усяго 53 тысячы, гэтая зборная амаль ніколі не бывае адкрытым хлопчыкам для біцця. Бо тут ужо нават падлеткі ў добрай спартовай форме – інакш у такіх суровых месцах проста не выжыць», – сказаў Лабандыеўскі.