Мінскае «Дынама» апублікавала фрагмент відэа канала «ЧестнОК», які ў Беларусі ўнесены ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Мінскае «Дынама» выпусціла відэазварот да жанчыны, якая прыйшла на матч беларускай каманды з варшаўскай «Легіяй» з чырвона-зялёным сцягам у футболцы аналагічных колераў. Яна была адзіным чалавекам, заўважаным з такой сымболікай на стадыёне.
У роліку, выкладзеным у афіцыйным Telegram-канале клуба, быў выкарыстаны фрагмент відэа канала «ЧестнОК», на якім у тым ліку чутны голас аўтара канала Аляксандра Івуліна.
Канал «ЧестнОК» рашэннем аднаго з «судоў» рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі па відавочна палітычных матывах унесены ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Такім чынам, у «Дынама» дапусцілі распаўсюджванне «інфармацыйнай прадукцыі» з гэтага спісу. За гэта ў рэжымнай Беларусі фізічная асоба можа быць змешчаная пад арышт на тэрмін да 15 сутак, а юрыдычнай асобе пагражае штраф да 500 базавых велічынь (на сёння 20 тысяч рублёў ці прыкладна 6 тысяч долараў).